У Віцебску за суткі ад пнэўманіі памерлі два чалавекі. Такую інфармацыю агучыў намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Мікалай Касьпіровіч на паседжаньні абласнога штабу па барацьбе з распаўсюдам каранавірусу, піша газэта «Віцьбічы».
Паводле словаў Касьпіровіча, за суткі ў Віцебску выявілі чатыры новыя выпадкі інфэкцыі ў пацыентаў, якія ўжо былі на лячэньні. Два чалавекі памерлі.
Першы выпадак — жанчына, старэйшая за 70 гадоў, з хранічнымі паталёгіямі. Яе тэст на каранавірус яшчэ пераправяраюць.
Другі — мэдычная работніца, у якой была двухбаковая пнэўманія вірусна-бактэрыйнага генэзу. Пацьверджаных вынікаў яе тэсту на каранавірус таксама няма.
Як стала вядома «Нашай Ніве», гаворка ідзе пра старшую мэдсястру аднаго з аддзяленьняў Віцебскай гарадзкой клінічнай бальніцы № 1, у гэты час перапрафіляванай пад работу з хворымі і падазраванымі на каранавірус. Гэта першая такая сьмерць мэдработніка ў Беларусі.
Надзеі К. было 47 (па іншых зьвестках — 48) гадоў. Зьвязацца са сваякамі пакуль не ўдалося. Калегі жанчыны пацьвярджаюць яе дыягназ — двухбаковая полісэгмэнтарная пнэўманія.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ