Здароўе — абсалютная каштоўнасьць для беларускае мовы. Этымолягі ўглядаюць у ім корань дрэва/дзерава — гатовы магічны эпітэт-параўнаньне у адным слове.
Сьцісла:
- Здаровага чалавека параўноўваюць ня толькі з быком і дубам, але і зь мітычным турам.
- Стрыжань беларускага традыцыйнага этыкету — зычэньні здароўя. Яны і ў вітаньнях (здароў быў!), і ў разьвітаньнях, і ў падзяках.
- Здароўе — лідэр першай тройкі народных каштоўнасьцяў у сьвяточных зычэньнях і тостах.
- Маем запамінальныя дзеясловы для апісаньня паправунку — адужаць, паправіцца, акрыяць, ачуняць.
Здаровы як хто?
Здаецца, найбольш тыповае параўнаньне здаровы як бык, яно здаўна бытуе на ўсёй тэрыторыі беларускае мовы — ад Ваўкавыску да Смаленску. Але ня надта ўзьнёслае. (У расейскай мове аналягічнае таксама ёсьць, а яшчэ там здаровага чалавека параўноўваюць зь іншымі жывымі істотамі, прадметамі: ...как дуб, бугай, кряж, штык, лошадь, боров, ломовик, лошак, медведь; усё гэта з расейска-беларускага слоўніка параўнаньняў Т. Валодзінай і В. Макіенкі).
А ў нас ёсьць і яўна няўхвальны выраз з тым быком:
Здаровы як бык, а розуму ні на глык (Бярэзанскі раён)
Пра чалавека магчыма сказаць і так:
Здаровы, хоць у плуг запрагай (Слонімшчына).
Нібыта ўхвальна. Значыць, нехта і раней бачыў адзіную карысьць ад здаровага чалавека ў ягонай працы на таго нехту.
Але маем несумненна станоўчыя параўнаньні. Напрыклад, у зычэньнях будзь здаровы як дуб; будзь здаровы, як вада, багаты, як зямля!
Але найбольш калярытны выраз (запісаны ў Наваградчыне), які раўняе чалавека не з банальным парнакапытным, а зь міталягічным старажытным волатам:
Здаровы як тур.
Health Enforcement праз этыкет
Праграмуюць на здароўе традыцыйныя беларускія формулы ветлівасьці, у тым ліку вітальныя.
— Здароў (быў)! Здарова (была)! Здаровы (былі)!
— Чалом-здароў!
Вітальны small talk амаль заўсёды пачынаецца адпаведным пытаньнем:
— Як пачуваецеся? Як маецеся? Ці жывяце здаровыя? Ці здаровы вашы ўдома? Ці жывенькі, ці дужэнькі? Як вы жывы-дужы (на гэтакай сьцюжы)?
Тут дужы тое самае, што ‘здаровы’. (Таму занядужаць = ‘захварэць’.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як правільна вітацца па-беларуску? ВІДЭАА вось разьвітальныя мікрадыялёгі:
— Будзь здароў! Бывай (здарова)! Бывайце (здаровы)!
— Заставайся здаровы! — Дай Божа каб здаровыя абачыліся (запісаў Міхал Фэдэроўскі каля Ваўкавыску ў XIX стагодзьдзі).
— Бывай здароў! — Ідзі здароў! (запісала Лія Салавей на Мядзельшчыне ў ХХ стагодзьдзі).
— Дай Божа, спадарок, табе здароўя! (запісаў Міхась Грынблат на Валожыншчыне ў 1974 годзе).
Натуральна зычыць здароўя, пачуўшы чханьне (мы ж ня ведаем, які там каранавірус вылятае з ноздраў):
— Будзь здароў як дуб ды моцны як зуб! (Сэзоннае:) Будзь здаровы на ўвесь год, як калядны лёд!
— Чхі-чхі! — Жыві здароў! Жыві два вякі!
— Будзь здароў! Храпы розна, нос далоў! (Храпы тут ноздры.)
Чамусьці менавіта пасьля чханьня ўсьлед за зычэньнямі здароўя нярэдка ішлі эканамічна-гаспадарчыя:
— Будзь здарова як карова, а плодна як сьвіньня! Будзь здароў, май сто кароў, а мне цялушку на завод дасі! Будзь здароў, няхай ідуць бычкі да тваіх кароў!
Проста зычым здароўя
Зычэньні натуральныя і самі сабою...
— Каб быў здаровы, як дуб скарбовы! (скарбовы — значыць у дзяржаўным лесе, яшчэ тым, вялікакняскім). Або ...як рыжык баровы! ...як лёд калядовы! — цьвёрды, пэўны, крамяны.
— Каб доўгія гады жылі, каб здаровыя былі (і на нас не забываліся)!
...і ў тостах:
— Здароўя ў цела, хаду ў ножкі, сьвятла ў душу! На доўгі век, на добрае здароўе! Каб здаровы былі і добра пілі!
— Каб не хварэлі ды ўвесь хлеб паелі! Спажывайце на здароўе! Піце здаровы!
Здароўе ў першай тройцы каштоўнасьцяў:
— Зычу табе разам трое: шчасьця, долі і здароўя!
Аднак ясна, каторая найважнейшая: Абы здароўе, а жыцьцё (работа) будзе.
Зычаць здароўя канкрэтным часткам цела:
— Каб Бог даў табе здароўя ў ручкі, ножкі і жыватку трошкі! На здароўе — кошку ў ножку, зайца ў я...!
Suum cuique
Здароўя ў беларускай народнай традыцыі зычаць ня ўсім запар — ніякага абстрактнага гуманізму — а толькі правільным людзям:
— Ліхадзеям на безгалоўе, а добрым людзям на добрае здароўе! На здароўе нам, на злосьць варагáм!
Ачунку!
Вярнуцца да здароўя — на выбар:
адужаць, падужаць, паправіцца, акрыяць/крыяць і ачуняць/чуняць.
Прыгожае слова крыяць/акрыяць ведала яшчэ старабеларуская мова (окреяти). Слова праславянскае, этымолягі ўглядаюць магчымую сувязь з лацінскім creare ‘ствараць’ — recreare ‘акрыяць’, параўн. рэкрэацыя.
Як ад гэтых калярытных дзеясловаў утварыць формулы зычэньні?
— Папраўляйся. Здаравей. Крыяй. Адужвай. Ачуньвай.
— (Зычу) адужаньня! Ачунку! Паправы! Паправунку!