У 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску памерла 67-гадовая Вольга Дзеравянка. У яе хуткацечна разьвіўся ацёк лёгкіх, а тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік, паведаміла «Наша Ніва».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сын Вольгі Дзеравянкі Мікалай пацьвердзіў Свабодзе сьмерць жанчыны. Пра сьмерць маці даведаўся ад бацькі, але ніякіх дакумэнтаў пакуль ня бачыў. «Бацька сказаў, што ў маці каранавірус пацьверджаны, гэта інфармацыя прыйшла праз паліклініку», — кажа Мікалай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта так было нечакана, што ня дай Бог нікому так». Муж першай у Менску ахвяры каранавірусуЁн расказаў карэспандэнту Свабоды, што маці памерла за суткі, быў ацёк лёгкіх.
«Праверылі на каранавірус, тэст быў станоўчы. Цяпер у бальніцы бацька, ягоны тэст яшчэ не гатовы. Маці было 67 гадоў. Сёньня была крэмацыя, на пахаваньне не патрапілі, пахавальная служба ўсё ўзяла на сябе».
Мікалай кажа, што знаходзіцца дома, жонка яго і дзяцей нікуды не выпускае з кватэры, на працы далі тры выходныя.
«Нас гэта кранула і мы цяпер разумеем, наколькі гэта сур’ёзна, — кажа Мікалай. — Зь першых хвілін мы тэлефанавалі, пыталіся, ці можна падтрымаць бацьку. Нам сказалі, што нельга, пакуль ня трэба мець зносіны. Яго забралі ў першую бальніцу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта мізэр!», — Лукашэнка пра колькасьць хворых на каранавірус у БеларусіБацька Мікалая распавёў «Нашай Ніве», што жонка Вольга ўвесь час сядзела дома, была на пэнсіі. Схадзіла толькі ў паліклініку за тыдзень да сьмерці, па рэцэпт.
Жанчыне стала кепска 29 сакавіка: уначы тэмпэратура падскочыла да 39 градусаў. Муж выклікаў хуткую, але жонка адмовілася ад шпіталізацыі, хоць і былі падазрэньні на пнэўманію. 30 сакавіка да іх прыйшла ўчастковы тэрапэўт, паслухала жанчыну і настаяла на шпіталізацыі — Вольгу адвезьлі ў 2-ю гарадзкую клінічную лякарню.
31 сакавіка муж прынёс ёй неабходныя рэчы — посуд, бялізну, сустрэцца з жонкай яму не дазволілі, пагутарыў праз тэлефон. Пазьней ён званіў жонцы яшчэ, але жанчына ня брала слухаўку. Пазваніў на пост, а там яму сказалі, што Вольга ў рэанімацыі. А раніцай 1 красавіка яму патэлефанавалі і сказалі, што жонка памерла а гадзіне ночы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговая сьмерць ад каранавірусу ў Віцебску: мужчына 70 гадоў«Ужо пасьля абеду, калі я прыйшоў дадому, мне патэлефанавалі з паліклінікі і сказалі, што тэст у жонкі на каранавірус станоўчы. Мяне выклікалі ў паліклініку. Загадчыца тэрапэўтычнага аддзяленьня мяне праслухала — лёгкія быццам чыстыя, тэмпэратуры не было наогул. Сказала, што як будзе вынік майго тэсту, патэлефануюць», — расказаў муж памерлай. У яе таксама былі праблемы з сэрцам і інсулінавы дыябэт.
Бліжэй да ночы тэмпэратура паднялася і ў яго — 37,4. Мужчына выклікаў хуткую, яго забралі. Цяпер ён знаходзіцца на карантыне ў Менскім анкалягічным цэнтры ля Акадэміі навук, частку якога перапрафілявалі цяпер прыём каранавірусных кантактаў. Адчувае сябе добра — толькі невялікая тэмпэратура і крыху баліць горла.
Да таго, як трапіў на карантын, мужчына хадзіў на працу. Кажа, у калектыве пра сытуацыю ўжо ведаюць, нехта нават рабіў тэст на каранавірус.
Колькі чалавек з каранавірусам памерлі ў Беларусі
Пакуль вядома пра пяць выпадкаў сьмерці пацыентаў, інфікаваных каранавірусам COVID-19 (Мінздароўя, нагадаем, паведамляе пра 4 пацьверджаныя выпадкі).
- 73-гадовая пэнсыянэрка Аляксандра Чэпік, памерла ўвечары 30 сакавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры (ВАКСЦ) (былы чыгуначны шпіталь).
- 75-гадовы актор Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка ў ВАКСЦ.
- 70-гадовая настаўніца зь вёскі Новыя Доктаравічы (Менская вобласьць) Натальля А., памерла 1 красавіка ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы.
- 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, памёр 2 красавіка ў ВАКСЦ.
- 67-гадовая Вольга Дзеравянка, памерла 1 красавіка ў 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ