Аляксандар Лукашэнка заклікае беларусаў не панікаваць з прычыны каранавірусу. Пра гэта ён заявіў 3 красавіка падчас рабочай паездкі ў Смалявіцкі раён Менскай вобласьці.
На перакананьне Лукашэнкі, галоўная небясьпека інфэкцыі — гэта паніка. Паводле яго, «каранавірусны псыхоз» можа прынесьці шмат небясьпечных наступстваў, піша БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каранапсыхоз, інфадэмія», «хочуць без вайны перадзяліць сьвет», — Лукашэнка пра каранавірусУ сувязі з гэтым ён заклікаў людзей не панікаваць і падкрэсьліў, што ў Беларусі прымаюцца «ўсе неабходныя меры».
«Што трэба рабіць, мы ведаем», — запэўніў Лукашэнка.
Таксама ён выказаўся наконт правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Беларусі. У прыватнасьці заявіў, што іх не забараняюць, але нікога туды гвалтам не заганяюць.
«Гэта ня наш падыход і ня нашая канцэпцыя — нешта забараняць, — падсумаваў Лукашэнка, не ўдакладніўшы, ці маюцца на ўвазе найперш спартовыя спаборніцтвы. — Нікога не заганяюць. Проста прапануем: калі хочаце, калі ласка, прыходзьце. Не — значыць, не».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзятары 9 беларускіх футбольных клюбаў заклікалі да самаізаляцыі
«Захварэў — схадзі на вуліцу»
На думку Лукашэнкі, жорсткі карантын не палепшыць сытуацыю ў краіне, бо ў такіх умовах нібыта толькі паскорыцца распаўсюд вірусу.
«Вось нас заўтра пасадзілі ў кватэры і зачынілі, — разважаў ён. — Сям'я па пяць-сем чалавек, і хтосьці адзін зь іх хворы — мы яго зачынілі ў кватэру з усімі. І што адбылося? Каранавірус распаўсюджваецца цягам некалькіх гадзінаў сярод усіх. І калі ты быў адзін, хадзіў на паветры, дыхаў, на нагах пераносіў каранавірус, ты заўтра ў гэтай застаялай кватэры перадасі гэты вірус усёй сям'і».
Ён наадварот рэкамэндуе хворым хадзіць па вуліцы: маўляў, «нас заўсёды вучылі, калі чалавек захварэў, вострая рэсьпіраторная інфэкцыя ў яго — у гэты пэрыяд на вуліцу».
Мэдыкі па ўсім сьвеце раяць адваротнае. Да закліку заставацца дома далучалася і Міністэрства здароўя Беларусі. Ды, як паказаў аналіз Google, беларусы ня сталі значна менш карыстацца транспартам або хадзіць на працу, а толькі сталі больш хадзіць па парках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Карантын запавольвае распаўсюд каранавірусу», — прадстаўніца WHO, якая хваліла Беларусь на дзяржаўным ТВ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка параіў есьці тлустае «супраць каранавірусу». Мэдыкі раяць адваротнаеШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.