Аляксандар Лукашэнка даручыў падрыхтаваць прапановы аб падтрымцы бізнэсу на фоне каранавірусу. Пра гэта ён заявіў 3 красавіка ў Смалявіцкім раёне, адказваючы на пытаньні журналістаў, піша БелТА.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Не хачу сказаць, што выратаваньне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Але настаў час раскрыць скарбонку, укласьці ў бізнэс тыя запасы, якія ёсьць. Падтрымаем тых, хто хоча, каб яго падтрымалі, і другое — хто ўкладзецца сам. А калі ён склаў рукі, у яго недзе ў афшорах грошы, і думае, што мы яму забясьпечым сьветлую будучыню, хай нават не разьлічвае. Трэба варушыцца ўсім. Але гэта твой бізнэс, ты яго ратуй, а мы падставім плячо, калі ў нас будзе такая магчымасьць», — падкрэсьліў Лукашэнка.
Ён даручыў падрыхтаваць прапановы аб падтрымцы розных сэктараў бізнэсу, «калі такая падтрымка будзе неабходная».
«Нехта хайпуе, нехта яшчэ нешта там робіць у інтэрнэце. Наша справа працаваць. Пройдзе трохі часу, і людзі ацэняць і зразумеюць, хто чаго варты. Мы ніякага бізнэсу не закрывалі», — дадаў Лукашэнка.
Уладальнікам рэстарацыяў ён параіў пераходзіць на дастаўку ежы на дом. У прыклад ён прывёў таксама «БелАЗ» — маўляў, на прадпрыемстве трымаецца цэлы горад, таму падтрымліваць будуць перадусім яго, а ня жодзінскія рэстарацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 90% выручкі. Якія галіны эканомікі найбольш пацярпелі ад каранавірусуПаводле апытаньня Беларускага бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага, найбольшыя страты ад сытуацыі з пандэміяй COVID-19 мелі бізнэс пасажырскіх перавозак і турызм — закрыцьцё межаў у іншых краінах скараціла іхную выручку на 50–90% адносна сакавіка мінулага году. Пацярпелі і тыя, хто арыентаваўся на прыбыткі ад паслуг іншаземцам (напрыклад, стаматолягі), і тыя, хто працаваў на ўнутранае спажываньне (цырульні і аб’екты харчаваньня страцілі 10–25% выручкі).
Паводле прагнозаў апытаных, па выніках першага паўгодзьдзя падзеньне прамысловай вытворчасьці можа скласьці да 20% з прычыны збояў у пастаўках сыравіны і матэрыялаў, зьніжэньня таваразвароту і ўплыву курсавой розьніцы. Продажы рэклямных паслуг ужо ўпалі на 20%, а па выніках паўгодзьдзя могуць упасьці на ўсе 40%.
26 сакавіка Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП) і Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя (БНПА) папрасілі ўрад неадкладна прыняць антыкрызісную праграму для падтрымкі бізнэс-супольнасьці ва ўмовах пандэміі COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэс-саюзы прапанавалі ўраду Беларусі ўхваліць лібэральны антыкрызісны пакет. 10 пунктаўШто прапанавалі бізнэс-саюзы:
- Ва ўсіх сфэрах, дзе гэта магчыма, перавесьці работнікаў на дыстанцыйную працу, каб у наймальнікаў была магчымасьць максымальна захаваць працоўны калектыў.
- Даць суб’ектам гаспадараньня адтэрміноўку выплаты унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва на 3-4 месяцы з наступнай растэрміноўкай запазычанасьці на 6-12 месяцаў без штрафных санкцый.
- Адмяніць дэкрэт № 3 «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва» і ўвесьці падатковы вылік у падаходны падатак для работнікаў, пераведзеных на аддаленую працу, у памеры выдаткаў на электраэнэргію і паслугі сувязі.
- Вызначыць ад 1 сакавіка стандартны падатковы вылік пры вылічэньні падаходнага падатку ў памеры бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ) пры прыбытку менш як 1 000 рублёў на месяц.
- Кожнаму з бацькоў у поўных сем’ях зрабіць падатковы вылік у памеры 0,5 БПМ у месяц на дзіця да 18 гадоў або кожнага ўтрыманца і ў памеры 1 БПМ — адзінокім бацькам.
- Пашырыць пералік відаў дзейнасьці, якія грамадзяне маюць права ажыцьцяўляць без рэгістрацыі ў якасьці індывідуальных прадпрымальнікаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ