Міністэрства аховы здароўя Беларусі 2 красавіка апублікавала поўную статыстыку выпадкаў COVID-19 у краіне ўпершыню за тры дні. Але міжнародныя арганізацыі пакуль не атрымалі гэтых лічбаў, а беларускіх журналістаў заблыталі ўключэньнем памерлых у лік тых, хто «паправіўся і выпісаны».
WHO і ECDC даюць неактуальныя лічбы пра Беларусь
Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) штодзень публікуе справаздачы аб сытуацыі з COVID-19 у сьвеце. У справаздачы за 2 красавіка ў Беларусі значацца 192 лябараторна пацьверджаныя выпадкі новага каранавірусу і 2 сьмерці пацыентаў з каранавірусам.
Пры гэтым 2 красавіка Мінздароўя Беларусі прызнала ўжо 4 сьмерці і 300 выпадкаў, 1 красавіка — 2 сьмерці (папраўдзе, вядома было пра тры) і 215 выпадкаў (апошняя лічба пацьвердзілася зь неафіцыйных крыніцаў і была толькі адной з магчымых «разгадак» неадназначнага паведамленьня Мінздароўя).
Эўрапейскі цэнтар кантролю і прадухіленьня хваробаў (ECDC) у справаздачы 2 красавіка піша пра 152 выпадкі каранавірусу ў Беларусі і 0 сьмерцяў. Гэта лічбы, якія Мінздароўя Беларусі публікавала 30 сакавіка.
Амбасада ЗША ў Менску на падставе зьвестак Мінздароўя ацэньвае колькасьць выпадкаў у Беларусі на 2 сакавіка роўнай 362: на лекаваньні 254 пацыенты, 104 выпісаныя здаровымі, 4 памерлі.
Папулярны няўрадавы сайт Worldmeters.org, які акумулюе статыстыку з усіх краінаў і на зьвесткі якога спасылаюцца шматлікія СМІ (у тым ліку Financial Times, The New York Times, Business Insider) публікуе лічбы, найбліжэйшыя да паведамленьня Мінздароўя: у Беларусі, паводле сайту, 304 выпадкі COVID-19, 4 сьмерці, 53 чалавекі выпісалі здаровымі. Але і гэтыя лічбы не зусім дакладныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Памажыце Беларусі выжыць». Дырэктару Сусьветнай арганізацыі здароўя напісалі дзьве пэтыцыі
На самой справе, Мінздароўя Беларусі 2 красавіка паведамляла, што ў Беларусі 254 чалавекі знаходзяцца на лячэньні з пацьверджанай каранавіруснай інфэкцыяй, «ачунялі і выпісаныя» 46 пацыентаў, зафіксаваны 4 сьмерці пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй.
Шэраг СМІ склаў 254 + 46 + 4 і атрымаў агулам 304 выпадкі COVID-19 у Беларусі. Але ў некаторых выйшла 300. Onliner.by піша, што зьвярнуўся ў Мінздароўя па ўдакладненьні, і там адказалі, што «правільная лічба — 300», гэта значыць, што 4 памерлых у міністэрстве ўключаюць у лік 46 тых, хто «ачуняў і выпісаны».
Беларускія лекары тым часам ананімна заяўляюць, што ня ўсім інфікаваным новым каранавірусам ставяць такі дыягназ, а статыстыка міністэрства не адпавядае рэчаіснасьці.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.