«Беларуская мадэль дапамогі заўсёды палягала ў тым, каб дапамагаць самым неэфэктыўным»

Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў прапанову ААН накіраваць на барацьбу з каранавірусам 10% усясьветнага ВУП. Выказваньні кіраўніка дзяржавы Свабода папрасіла пракамэнтаваць старэйшага аналітыка кампаніі «Альпары» Вадзіма Іосуба.

Сьцісла:

  • Эмісіі бываюць розныя
  • Разьвітыя краіны навучыўся праводзіць праграмы дапамогі, у тым ліку і пры дапамозе таго, што вельмі груба называюць друкаваньнем грошай, без росту інфляцыі
  • Сутнасьць гэтых мэханізмаў: цэнтральны банк дае дапамогу камэрцыйным банкам, камэрцыйныя банкі ў сваю чаргу могуць даваць дапамогу асобным прадпрыемствам, але ўсе гэта пад ліквідныя якасныя заклады і абавязкова пад умовы вяртаньня
  • Перасьцярогі наконт усясьветнай гіпэрінфляцыі крыху перабольшаныя
  • Самы эфэктыўны мэханізм дапамогі людзям — раздаваць усім, асабліва не вывучаючы, хто мае патрэбу ў дапамозе, хто — не
  • Нашая беларуская мадэль дапамогі заўсёды палягала ў тым, каб дапамагаць самым неэфэктыўным,
  • Пасьпяхова выйдуць з гэтага крызісу і адродзяцца з новай сілай тыя, хто будзе найбольш эфэктыўным
  • У крызісы найменш жыцьцяздольныя сыходзяць з рынку. І ў гэтым сэнсе крызісы адыгрываюць ролю «санітараў лесу».

— Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію тэлекампаніі «Мір», у якім ён паразважаў пра сьвет пасьля пандэміі, і заявіў, што «глябальныя гульцы» могуць выкарыстаць сусьветны крызіс «у сваіх мэтах». Ён абрынуўся на прапанову ААН накіраваць эквівалент 10% валавага ўнутранага прадукту сьвету на барацьбу з COVID-19. На думку беларускага кіраўніка гэта будуць «пустыя грошы», а гэта, у сваю чаргу, выкліча інфляцыю. «Дзе апынемся мы са сваім рублём, зразумела. Больш за тое: хто атрымае гэтыя трыльёны, у каго яны застануцца? Ці не атрымаецца, што багатыя стануць багацейшымі, а бедныя — бяднейшымі? Атрымаецца» — задаў рытарычнае пытаньне Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каранапсыхоз, інфадэмія», «хочуць без вайны перадзяліць сьвет», — Лукашэнка пра каранавірус

Размова сапраўды ідзе пра эмісію, але так званых спэцыяльных правоў запазычаньня (СПЗ). Гэта штучны плацёжны сродак, эмісію якога робіць Міжнародны валютны фонд (МВФ). Гэты сродак выкарыстоўваецца для разьлікаў паміж дзяржавамі і Фондам, пры гэтым СПЗ не зьяўляюцца ні валютай, ні даўгавым абавязацельствам. Вадзім, ці сапраўды такое перазьмеркаваньне сродкаў пагражае інфляцыяй? Ці мае рацыю Лукашэнка ў сваіх перасьцярогах?

Вадзім Іосуб

— Не да канца зразумела, што меў на ўвазе кіраўнік ААН. Але калі казаць аб эмісіі новых спэцыяльных правоў запазычаньня, то іх эмісія робіцца дзякуючы таму, што краіны-чальцы робяць дадатковыя ўнёскі ў сваёй валюце. Таму тэарэтычна ці патэнцыйна размова можа ісьці аб дадатковай эмісіі нацыянальных валют краін-удзельніц МВФ. Але эмісіі бываюць розныя. Разьвітыя краіны навучыўся праводзіць праграмы дапамогі, у тым ліку і пры дапамозе таго, што вельмі груба называюць друкаваньнем грошай, без росту інфляцыі. Можна прыгадаць масавыя праграмы дапамогі, якія ўжывалі ЗША ў 2008-2009 гадах. Тады апанэнты ЗША называлі гэты працэс «друкаваньнем грошай», гаварылі пра непазьбежную гіпэрінфляцыю даляра. Прайшло ўжо больш за 10 гадоў. Ніякай гіпэрінфляцыі даляра не адбылося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральны сакратар ААН: пандэмія стала самым сур’ёзным крызісам пасьля Другой усясьветнай вайны

Празь некалькі гадоў быў досьвед у Эўропе ўратаваньня эканомік і банкаўскіх сыстэмаў Кіпру, Грэцыі і Італіі. Там таксама былі праграмы дапамогі і, як мы ведаем, на да якой гіпэрінфляцыі эўра гэта мне прывяло.

Гэта даволі складаныя грашовыя мэханізмы. Сутнасьць гэтых мэханізмаў: цэнтральны банк дае дапамогу камэрцыйным банкам, камэрцыйныя банкі ў сваю чаргу могуць даваць дапамогу асобным прадпрыемствам, але ўсе гэта пад ліквідныя якасныя заклады і абавязкова пад умовы вяртаньня. Гэта нельга параўноўваць з тым друкаваньнем грошай, якое было папулярнае ў Беларусі, калі нацбанк практычнай наўпрост фінасаваў стратныя прадпрыемствы, калгасы, гэтыя грошы траплялі ў эканоміку і ніколі не вярталіся крэдытору. З гэтага пункту гледжаньня перасьцярогі наконт усясьветнай гіпэрінфляцыі крыху перабольшаныя.

— А што наконт перасьцярогаў, што гэтая дапамога патрапіць багатым краінам, а не бедным?

— Мне здаецца, што гэта крыху папулісцкая заява. Цяжка апісваць будучую праграму дапамогі, дэталі якой яшчэ невядомыя. Праграмы дапамогі бываюць двух відаў: гэта альбо наўпроставая дапамога людзям, насельніцтву, ці наўпроставая дапамога прадпрыемствам. Самы эфэктыўны мэханізм дапамогі людзям — раздаваць усім, асабліва не вывучаючы, хто мае патрэбу ў дапамозе, хто — не. Такі спосаб найбольш лёгкі ў адміністраваньні. Калі гаварыць пра дапамогу прадпрыемствам, то спадзяюся, што будуць дапамагаць эфэктыўным прадпрыемствам, якія маюць часовыя праблемы з-за крызісу, але якія маюць устойлівую бізнэс-мадэль і здольныя зарабляць грошы і пасьля крызісу здольныя гэтую дапамогу вярнуць. Нашая беларуская мадэль дапамогі заўсёды палягала ў тым, каб дапамагаць самым неэфэктыўным, самым хранічна стратным, тым, хто ніколі гэтую дапамогу ня верне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мільён інфікаваных у сьвеце, статыстыка вірусу ў Беларусі, непрацоўны месяц у Расеі. Вынікі 2 красавіка

— Напэўна, усе чулі пра гіганцкі пакет дапамогі ў памеры 2.2 трыльёнаў даляраў, які зацьвердзіў Кангрэс ЗША. А гэтыя грошы — гэта эмісія?

— Там прынятыя некалькі пакетаў дапамогі. Размова можа ісьці пра 6 трыльёнаў даляраў. Там ёсьць дапамога чыста бюджэтная, гэта грошы, якія мінфін ЗША мае ў якасьці падаткаў ці платы за продаж аблігацыяў. Ёсьць праграмы дапамогі з боку Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы, калі яна купляе пэўныя актывы на рынку. Гэтую апошнюю працэдуру пры жаданьні можна назваць эмісіяй. Але гэта тая эмісія, якая была апрабіраваная ў 2008-2009 гадах, яна ідзе ў эканоміку не наўпрост, а праз банкі, яна адбываецца пад заклады і з умовай вяртаньня. Гэта не ўбухаць грошы ў эканоміку і потым яны ціснуць на цэны і курсы замежных валютаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз выдзяляе Беларусі грошы на барацьбу з каранавірусам

— І напрыканцы — палітыка-эканамічнае пытаньне, якое паставіў Лукашэнка — якім будзе сьвет пасьля пандэміі, хто ў ім будзе весьці рэй? Ці можна адказаць на гэтае пытаньне, вывучаючы дынаміку фінансавых рынкаў?

— Тут гадаць вельмі складана. Але можна прывесьці дастаткова агульныя меркаваньні. Паводле іх пасьпяхова выйдуць з гэтага крызісу і адродзяцца з новай сілай тыя, хто будзе найбольш эфэктыўным. У прыватнасьці, той, хто будзе дапамагаць, але кропкава і на прынцыпе вяртаньня дапамогі. Ратаваць усіх у эканоміцы — гэта бессэнсоўна. У нармальнай рынкавай эканоміцы, нават у добрыя часы, нехта памірае, нехта выжывае.

У крызісы найменш жыцьцяздольныя сыходзяць з рынку. І ў гэтым сэнсе крызісы адыгрываюць ролю «санітараў лесу». Ёсьць такое паняцьце — творчае разбурэньне. Калі палітыка-эканамічная мадэль устойлівая, а я лічу такімі мадэлі заходніх краінаў, то самыя жыцьцяздольныя крызіс перажывуць і нават пашыраць сваю долю на рынку за кошт тых, хто з рынку сыйдзе. Не дзякуючы «блату», сувязям, набліжанасьці да тых ці іншых асобаў — проста таму, што ў іх больш эфэктыўная мадэль. У краінах, дзе няма рынкавай эканомікі, дзе дапамога разьмяркоўваецца прадпрыемствам роўным слоям ці робяцца прэфэрэнцыі дзяржпрадпрыемствам толькі за тое, што яны дзяржаўныя, нават пасьля сканчэньня ўсясьветнага крызісу можа стаць яшчэ больш дыспрапорцыяў, чым гэта было да крызісу.