Кошт дамоваў на чэрвеньскія пастаўкі (ф’ючэрсы) нафты Brent рэзка павялічыўся амаль да 36 даляраў за барэль. Гэта даражэй больш як на 45 %, чым на закрыцьці таргоў 1 красавіка. Затым нафтавыя цэны зноў апусьціліся на ўзровень, ніжэйшы за 30 даляраў за барэль.
Рэзкае падаражаньне нафты адбылося на фоне заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра перамовы лідэраў Расеі і Саудаўскай Арабіі і аб маючым адбыцца скарачэньні здабычы сыравіны. Трамп напісаў у твітэры, што размаўляў са спадчынным прынцам Саудаўскай Арабіі Мухамэдам бін Сальманам. Прынц і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, па словах кіраўніка Белага дому, правялі перамовы.
Трамп выказаў надзею, што бакі скароцяць здабычу нафты на 10-15 мільёнаў барэляў за суткі. Сырыя з 1 красавіка плянавала здабываць больш за 12 мільёнаў барэляў нафты, Расея здабывае 11,5 мільёна барэляў.
У Крамлі інфармацыю пра перамовы Пуціна з Эр-Рыядам абвяргаюць.
30 сакавіка Трамп заявіў, што Вашынгтон правядзе перамовы з Масквой і Эр-Рыядам для прыпыненьня падзеньня цэнаў на нафту. Кіраўнік Белага дому ўжо падымаў гэтае пытаньне ў тэлефонных размовах з прэзыдэнтам Расеі і спадчынным прынцам Саудаўскай Арабіі. Па словах Трампа, бакі гатовыя да дыялёгу. Пра тое, якія крокі могуць быць прынятыя для стрымліваньня падзеньня цэнаў на сыравіну, не паведамлялася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея практычна не атрымлівае даходаў ад продажу нафтыДнямі агенцтва Bloomberg паведаміла, што Расея ня стане павялічваць абʼёмы здабычы нафты з 1 красавіка пасьля заканчэньня абмежавальных дамоўленасьцяў з АПЕК. Паводле крыніц, гэта можа стаць прымірэнчым сыгналам у цэнавай вайне з Саудаўскай Арабіяй.
Эр-Рыяд абвясьціў аб нарошчваньні абʼёмаў вытворчасьці нафты пасьля развалу ўгоды з АПЕК у пачатку сакавіка. Саудаўская Арабія тады прапаноўвала скараціць здабычу сыравіны, каб падтрымаць эканоміку на фоне пандэміі COVID-19. Расея настойвала на захаваньні абʼёмаў на ранейшым узроўні. У выніку цэны на сыравіну з пачатку сакавіка зьнізіліся прыкладна на 50 адсоткаў.