Украіна як краіна – удзельніца працэсу асацыяцыі з Эўразьвязам, далучылася да эўрапейскіх санкцый супраць Беларусі, уведзеных у 2004-м і падоўжаных да лютага 2021 году.
Як паведамляецца на афіцыйным сайце Эўрапейскай Рады, санкцыяў будуць прытрымлівацца ня толькі краіны – сябры Эўразьвязу, але і Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Альбанія — як краіны – кандыдаткі на далучэньне да Эўразьвязу; Ліхтэнштэйн і Нарвэгія — як чальцы Эўрапейскай зоны свабоднага гандлю, а таксама ўдзельнікі працэсу асацыяцыі з Эўразьвязам.
Украіна падпісала пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам у 2014 годзе.
«Далучэньне да санкцый – лягічнае»
Міністар замежных спраў Украіны ў 2007-2009 гадах Уладзімір Агрызка сьцьвярджае, што такое далучэньне Ўкраіны да санкцый ёсьць стандартным і адбылося аўтаматычна: «Гэта звычайная практыка, бо Ўкраіна працягвае лінію на ўступ у Эўразьвяз, і калі мы хочам быць бліжэй да гэтай мэты, то мусім свае дзеяньні сынхранізаваць».
Асобна Ўладзімір Агрызка зьвярнуў увагу на вынікі галасаваньня Беларусі ў рамках ААН па найбольш адчувальных для Ўкраіны пытаньнях – аб расейскай агрэсіі, анэксіі Крыму і вайне на Данбасе: «Беларусь галасуе на баку Расейскай Фэдэрацыі пры ўсіх добрых заявах кіраўніцтва Беларусі аб салідарнасьці з Украінай. Таму і трэба рабіць высновы».
«Ня думаю, што нешта вызначальна зьменіцца ў дачыненьнях Беларусі і Ўкраіны, бо ў нас ёсьць сапраўды важныя рэчы і мы суседзі, але мусіць быць шчырасьць з абодвух бакоў, а ня так, што, маўляў, «мы – сябры і жартуем, а калі даходзіць да галасаваньня ў ААН, то становімся на бок агрэсара». Гэта лягічна, што Ўкраіна далучаецца да тых зьнешнепалітычных ініцыятыў, зь якімі выступае Эўразьвяз», – пакрэсьліў колішні міністар замежных спраў Уладзімір Агрызка.
У Міністэрстве замежных спраў Украіны пакуль гэтага афіцыйна не камэнтуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго чакаюць Грузія, Малдова і Ўкраіна ад асацыяцыі з Эўразьвязам?Што прадугледжваюць санкцыі
Эўрапейскія санкцыі ўключаюць эмбарга на пастаўкі зброі і абсталяваньня, якія могуць быць ужытыя ў Беларусі для рэпрэсій, замарожваньне рахункаў і забарону на паездкі чатырох чалавек. Пры тым Эўразьвяз падоўжыў выключэньне, якое дазваляе пастаўляць пэўную колькасьць спартовых вінтовак і пісталетаў.
Першапачаткова ў санкцыйны сьпіс ЭЗ уваходзілі чатыры беларускія чыноўнікі — Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка. Паводле ЭЗ, яны маюць дачыненьне да зьнікненьня ў Беларусі апанэнтаў улады ў 1999–2000 гадах.
У сьнежні 2004 году, пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, па выніках якога Аляксандар Лукашэнка атрымаў права выбірацца на пасаду прэзыдэнта неабмежаваную колькасьць разоў, сьпіс папоўнілі кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і камандзір палка міліцыі спэцпрызначэньня Юры Падабед.
У 2006 годзе сьпіс пашырыўся да 41 чалавека, якія, на думку ЭЗ, былі адказныя за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У сьпіс уключылі і Аляксандра Лукашэнку.
У кастрычніку 2008 году санкцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў былі прыпыненыя.
Дзеяньне санкцый ЭЗ у дачыненьні да Беларусі было адноўлена і пашырана пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, якія завяршыліся жорсткім разгонам мірнай дэманстрацыі ў Менску, арыштам большасьці альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты і масавымі рэпрэсіямі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці.
Краіны, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, упершыню далучыліся да санкцый супраць Беларусі ў 2012 годзе.
Якое ўзбраеньне Беларусь набывала ва Ўкраіне
У пэрыяд з 2007 па 2018 год Беларусь толькі тройчы набывала ўзбраеньне ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь за апошнія 10 гадоў тройчы імпартавала ўзбраеньне з УкраіныУ 2009-м Беларусь набыла ва Ўкраіне 50 баявых самалётаў ВР-3 «Рэйс» і 18 ракет і ракетных пускавых установак Р-27.
У 2014 годзе, пасьля пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе, — чатыры баявыя верталёты МІ-8 і адзін пераносны ракетны комплекс.
У 2015-ым — 18 пераносных супрацьтанкавых стрэльбаў і гранатамётаў.
У справаздачах Дзяржаўнай службы экспартнага кантролю Ўкраіны аб аб’ёмах міжнароднай перадачы ўзбраеньняў адзначалася, што Беларусь была канчатковым спажыўцом гэтага ўзбраеньня.
Зьвесткі аб гандлі зброяй між Беларусьсю і Ўкраінай у 2019 годзе пакуль не апублікаваныя.
У верасьні 2018 году стала вядома, што ўрад Украіны ўзмацніў кантроль за пастаўкамі вайсковай прадукцыі ў межах міжурадавага пагадненьня зь Беларусьсю аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацый абаронных галін прамысловасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўзмацніла кантроль за пастаўкамі вайсковай прадукцыі зь Беларусі