Беларусь пасьля пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе ў 2014 годзе набыла ва Ўкраіне чатыры баявыя верталёты МІ-8 і адзін пераносны ракетны комплекс.
Аб гэтым паведамляецца ў справаздачах Дзяржаўнай службы экспартнага кантролю Ўкраіны аб аб’ёмах міжнароднай перадачы ўзбраеньняў у 2007-2017 гадах. За ўвесь гэты дзесяцігадовы пэрыяд Беларусь толькі тройчы набывала ўзбраеньне ў суседняй краіне.
У 2015 годзе Беларусь набыла ва Ўкраіне 18 пераносных супрацьтанкавых стрэльбаў і гранатамётаў, а ў 2009-ым — 50 баявых самалётаў ВР-3 «Рэйс» і 18 ракет і ракетных пускавых установак Р-27.
У справаздачах адзначаецца, што Беларусь была канчатковым спажыўцом гэтага ўзбраеньня.
Дадзеныя аб перадачы Беларусі ўзбраеньня з Украіны ў 2018 годзе пакуль не апублікаваныя.
Згодна з дакладам аб экспарце зброі ў сьвеце, апублікаваным Стакгольмскім міжнародным інстытутам дасьледаваньня праблемаў міру (SIPRI), Беларусь названая 20-й сярод найбуйнейшых экспартэраў зброі паводле долі рынку.
За 2014–2018 гады Беларусь мела 0,3% таго рынку, роўна як Аб‘яднаныя Арабскія Эміраты, Чэхія, Аўстралія і Паўднёвая Афрыка. Найбольш беларускай зброі пайшло ў Віетнам (там Беларусь аб‘ёмамі продажаў апярэджваюць толькі Расея і Ізраіль), Судан і М‘янму (апярэджваюць Кітай і Расея).
У мінулы пэрыяд (2009–2013 гады) Беларусь мела 0,5% рынку ўзбраеньняў, страціла больш як чвэрць.