Хоць улады ня кажуць пра надзвычайную сытуацыю ў горадзе, менавіта зь Віцебску паступаюць самыя вострыя навіны пра эпідэмію каранавірусу. Вось як 30 сакавіка выглядаў Віцебск.
У параўнаньні зь іншымі гарадамі на вуліцах Віцебску заўважна шмат людзей у масках. Мясцовыя кажуць, яшчэ да нядаўняга часу такога не было. Толькі пасьля выходных, калі зьявіўся загад гарвыканкаму на абмежаваньне масавых мерапрыемстваў і калі стала вядома пра сьмерць актора драмтэатру, які меў COVID-19, людзі раптоўна надзелі мэдычныя маскі.
Гэта студэнткі мэдычнага ўнівэрсытэту. Яны кажуць, што загаду насіць маскі не было. Яны самі вырашылі надзець іх для сваёй бясьпекі.
«У мэдычным унівэрсытэце ў нас дэзынфэктары нібыта. Пары нам па часе абмежавалі. Лекцыі адмянілі. Нейкія меры ёсьць. Але ўсё ня вельмі добра. Людзям нічога ня кажуць», — паведамілі дзяўчаты.
Два разы на дзень можна перадаць ежу сваякам і сябрам, якія ляжаць у інфэкцыйным шпіталі.
У аднае жанчыны, што прывезла перадачу, муж трапіў у шпіталь пасьля вандроўкі за мяжу. Ён увесь час застаецца ў палаце і не выходзіць адтуль. І ня ведае, ці праўда, што віцебскія шпіталі перапоўненыя людзьмі з пнэўманіяй і каранавірусам, як пра гэта пішуць у сацыяльных сетках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сёньня паступіла 15 пацыентаў з пнэўманіяй. Гэта звычайная сытуацыя». Што кажуць у віцебскіх лякарнях
У горадзе ўсё выглядае даволі спакойна. Транспарт працуе, па вуліцах ходзяць людзі, крамы адчыненыя.
Гэта Нацыянальны драматычны тэатар імя Якуба Коласа. Віктар Дашкевіч, актор гэтага тэатру, памёр ад пнэўманіі, як пра гэта заявілі мэдыкі. Ён таксама меў пацьверджаны дыягназ каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая сьмерць чалавека з каранавірусам у Беларусі: памёр віцебскі актор Віктар Дашкевіч
Акторка Ірына Цішкевіч працавала разам зь Віктарам Дашкевічам у тэатры. Сёньня яна пайшла рабіць тэст на каранавірус, як і многія супрацоўнікі Коласаўскага тэатру.
«Мне сказалі, што калі патэлефануюць, значыць я хворая. А калі не, дык можна далей гуляць», — кажа Ірына.
Ірына лічыць, што ўсе тэатры мусяць быць зачыненыя на карантын.
«Гэта баль падчас халеры атрымліваецца. Мне здаецца, што трэба зараз усім сядзець па хатах і не разносіць ніякай заразы. І гэта ня толькі пра каранавірус. Трэба гэта крыху перацярпець, як гэта робіць увесь сьвет», — сказала Ірына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калектыў тэатру ў Віцебску, дзе ад каранавірусу памёр актор, адправілі ў адпачынак, пяцёра шпіталізаваныя
Чыгуначны вакзал працуе ў штатным рэжыме. Адзінае, тут уключаюць абвесткі пра адмененыя цягнікі ў Расею. Зьменаў у раскладзе рэйсаў па Беларусі няма.
Пасажыры ў залі чаканьня на аўтавакзале.
Ахоўнік зачыняе браму чыгуначнага шпіталя. Гэтая мэдычная ўстанова - асноўная, куды прывозілі людзей, хворых на каранавірус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пнэўманій мінімум у 2-3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркі
Чыгуначны шпіталь у Віцебску.
Паб «Торвальд» у цэнтры Віцебску, як і іншыя ўстановы, абмежаваў час сваёй працы. На загад гарадзкіх уладаў забаўляльныя ўстановы — бары, начныя клюбы, рэстарацыі — цяпер мусяць працаваць не пазьней як да 23-й гадзіны.
Уласьнікі некалькіх бараў ужо вырашылі цалкам закрыць свае ўстановы. Нават да загаду ўладаў яны адчулі адток наведнікаў. Толькі за апошні тыдзень у некаторыя месцы стала хадзіць на 90 % меней людзей.
«Звычайна ў выходныя ў нас чалавек 150 бывае, — кажа ўласьнік начнога клюбу ў цэнтры гораду. — У апошнюю суботу за ўвесь вечар быў адзін чалавек. Я вырашыў зачыніцца з панядзелка. Цяпер няма сэнсу працаваць».
Маскі носяць амаль ва ўсіх установах: у крамах, кавярнях. Таксоўшчыкі таксама надзяваюць мэдычныя маскі.
Установы харчаваньня — адны зь першых, хто адчуў на сабе эпідэмію каранавірусу ў горадзе.
«Я сам стараюся зьехаць зараз, каб як найдаўжэй. Пакуль ня сьціхне сытуацыя з каранавірусам», — расказаў афіцыянт, які застаўся цяпер бяз працы праз малую наведвальнасьць у сваім бары. Ён зьяжджае да бацькоў у Браслаў.
Што адбываецца ў Віцебску. Сьцісла
- 31 сакавіка ў Віцебску памёр першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. Праўда, яго афіцыйнай прычынай сьмерці запісалі «неўдакладненую пнэўманію».
- Калектыў Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа адправілі ў адпачынак, пяцёра шпіталізаваныя.
- Віцебскі гарвыканкам яшчэ да выходных зацьвердзіў надзвычайны плян дадатковых захадаў для прафіляктыкі і зьніжэньня распаўсюду каранавірусу ды іншых рэсьпіраторных інфэкцый.
- 29 сакавіка тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў інфармацыю, што міліцыі забаранілі выяжджаць і заяжджаць на Віцебшчыну. У МУС сказалі, што гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў.
- «Пнэўманій у Віцебску вельмі шмат. Як мінімум у 2–3 разы больш [чым звычайна], — сказала Свабодзе 30 сакавіка доктарка аднаго зь віцебскіх шпіталяў. — Я памятаю эпідэмію 2009 году, калі ў нас быў сьвіны грып, дык такога не было, каб у нас 4 шпіталі былі закрытыя пад пнэўманіі».
- Аднак кіраўнікі віцебскіх лякарняў запэўнілі нас, што працуюць «у штатным рэжыме».
- «Я не кажу, што там катастрофа нейкая, не. Проста Віцебская вобласьць у нас заўсёды і кліматам іншая, і троху зрушыўся гэты пік захворваньня. Сёньня там працуе міністар аховы здароўя, я накіроўваў яго туды і спэцыялістаў, каб яны зьвярнулі ўвагу, прааналізавалі і зрабілі высновы», — сказаў 31 сакавіка кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў размове з старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай.
- Мінздароўя паведаміла пра першы выпадак заражэньня каранавірусам у Віцебску 2 сакавіка. Тацьцяна Яфрэмава стала першай грамадзянкай Беларусі, у якой знайшлі COVID-19. Яна прывезла яго зь Італіі. Вучняў чатырох клясаў трох навучальных установаў Віцебску тады ж перавялі на хатняе навучаньне.
- 16 сакавіка на віцебскіх абутковых фабрыках «Белвест» і «Чырвоны кастрычнік» у Віцебску ўвялі карантын.
- «У нас усё пачалося з таго, што работнікі абутковых фабрык зьезьдзілі ў Мілян, — сказала Свабодзе 30 сакавіка доктарка аднаго зь віцебскіх шпіталяў. — Яны вярнуліся ўжо заражаныя каранавірусам. Ніякіх карантынных захадаў не было зроблена, яны хадзілі на працу, у крамы, іх дзеці хадзілі ў школы. На жаль, у Віцебску ўсё гэта распаўсюдзілася шырэй, чым у іншых гарадах».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ