Мітрапаліт Кандрусевіч не скасаваў удзелу вернікаў у велікодных набажэнствах

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выдаў распараджэньне адносна цэлебрацыі Вялікага тыдня ва ўмовах пандэміі каранавірусу, паведамляе сайт catholic.by.

Парады для сьвятароў і вернікаў былі распрацаваныя на падставе дэкрэтаў Ватыкану. Большасьць зьменаў датычаць парадку правядзеньня службы для сьвятароў і амаль ніяк не закранаюць вернікаў. У тэксьце нідзе няма ўзгадкі пра тое, што вернікі павінны застацца дома і далучыцца да малітвы пры дапамозе онлайн-вяшчаньня. Раней такі спосаб малітвы прапаноўвалі сьвятары ў розных краінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сьвяткаваць Вялікдзень падчас пандэміі. Ватыкан растлумачыў

Адмяняецца абрад мыцьця ног, які праводзіцца ў Вялікі Чацьвер. Сьвятар з увагі на надвор’е можа адмяніць працэсіі, якія адбываюцца побач з касьцёламі напярэдадні Вялікадня. У Вялікую Пятніцу крыж мае цалаваць толькі адзін сьвятар. Благаслаўленьне велікодных страваў адбываецца як звычайна. У Вялікую Суботу вернікаў просяць прынесьці з сабой ваду для асьвячэньня ў сваім начыньні. Ахвяраваньні вернікаў на Сьвятую Зямлю ў гэтым годзе зь Вялікай Пятніцы пераносяцца на 13 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як каранавірус зьмяніў векавыя традыцыі Каталіцкага касьцёлу

«Удзячныя лекарам і службам грамадзкага парадку за іх ахвярнае служэньне, скіраванае на прадухіленьне каранавірусу і лячэньне тых, хто заразіліся, зьвернем у гэты складаны час наш позірк на Бога і даверымся Яму, бо ў Ім — наша надзея», — піша мітрапаліт Кандрусевіч.

У распараджэньне могуць быць унесеныя зьмены, калі таго будзе патрабаваць сытуацыя, гаворыцца ў дакумэнце.