У трох жыхароў Лельчыцкага раёну пацьвердзілі каранавірус. У двух «кантактных» зь імі папярэднія тэсты таксама далі станоўчы вынік. Карэспандэнты Свабоды назіралі за жыцьцём палескай вёскі Ліпляны, дзе выявілі COVID-19, і райцэнтру Лельчыцы — адкуль забралі аўтобус «кантактных».
Кантора прадпрыемства ААТ «Новая Ніва» — на замку. Супрацоўнікі цяпер у раённым і абласным шпіталях. Пошта зачынена «на перадачу».
Качагар пошты сячэ дровы і кажа, што ён — «без паняцьця», да яго ніхто не прыходзіў і нічога не казаў. «Я адзін тут працую, чаго мне баяцца?» — зьдзіўляецца качагар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У пяці жыхароў Лельчыцкага раёну пацьвердзілі каранавірус
Вартаўнік дзіцячага садку сьмяецца: «А што тут страшнага? Чаго тут баяцца? Вунь у садок дзяцей водзяць. Канторскіх толькі ў нас забралі, і ўсё. Дык што каранавірус? У паніку ўпадаць?» — кажа вартаўнік.
У вясковай краме, сельскім клюбе, бібліятэцы і школе на ўваходзе антысэптыкі.
Прадавачка ў краме працуе ў масцы.
«Мы нічога ня ведаем. Нам ніхто нічога ня кажа, гэтая ж такая зараза, што ад яе ніхто не застрахаваны. Яна можа ў любым месцы зьявіцца. Трэба ўсё перажыць і перацярпець — і ўсё будзе добра. У мяне во маска, і не адна, празь дзьве гадзіны я здымаю і маску, і пальчаткі, і апрацоўваю рукі антысэптыкам пасьля кожнага пакупніка. А тых начальнікаў я і блізка ня знаю», — кажа прадавачка Ірына Васільеўна.
«Што з начальствам, што безь яго — усё роўна!»
Сустрэты на вуліцы жывёлавод кажа, што забралі ў шпіталь дырэктара, бухгальтара, эканаміста, юрыста, загадчыцу фэрмы — «усю кантору, карацей».
«А нам што з начальствам, што безь яго — усё роўна!» — кажа ён.
Мацьвей Мацьвеевіч — сусед дырэктара гаспадаркі. Кажа, што да яго ніхто не прыходзіў, ніхто нічога не пытаўся, ні пра што не папярэджваў.
«Нам тыя маскі не патрэбныя, таму што ўжо старыя мы, ужо сваё мы аджылі. Я дык зусім не баюся», — махае рукой пэнсіянэр. З суседам-начальнікам ён, кажа, стасункаў ня меў.
Мэханізатары рамантуюць тэхніку. Кажуць, што без дырэктара ім горш, чым пры ім. Хваляць кіраўніка.
«Во бачыце — дырэктара няма, а мы на працу ходзім, ня хочам яго падводзіць. А што каранавірус? Лукашэнка ж сказаў гарэлку піць. Як наканавана памерці, то памрэш», — кажа малады мэханізатар.
Ягоны калега наогул сумняваецца, што ў дырэктара каранавірус. «Гэта нейкая лухта. Я думаю, што і ў дырэктара ён не пацьвердзіцца», — лічыць вясковец.
«Нас сюды забралі 30 чалавек. Усё ў нас выдатна»
Адзін з супрацоўнікаў гаспадаркі «Новая Ніва», інжынэр, таксама трапіў у шпіталь як «кантактны».
«Усё ў нас выдатна! Нас сюды забралі 30 чалавек. У нашай палаце — шэсьць. Пакуль ні ў кога з нашай палаты каранавірус не пацьвердзіўся. Наколькі я ведаю, некаторых райвыканкамаўскіх ужо выпісваюць, у іх няма каранавірусу. І ў дырэктара нармальны стан, ляжыць пад наглядам», — кажа інжынэр.
У Ліплянах людзі ходзяць у масках, але ня ўсе.
«Абстаноўка стабільная. Уся інфармацыя на сайце райвыканкаму»
У 11-тысячных Лельчыцах сытуацыя іншая — усе мінакі былі ў масках, як і касіркі ў крамах, і пакупнікі.
У краме бялізны і шкарпэтак прадавачка заўважае, што як у панядзелак пайшлі чуткі пра каранавірус, то да 16.00 не было ніводнага пакупніка.
«Баяліся, мусіць, людзі хадзіць. Звычайна людзі ходзяць, а тут — ніводнага. Тут акцыя ў нас: двое майткоў бярэш, трэція ў падарунак, — і людзей няма. Маску я надзела ў панядзелак. Бачу — усе сталі ў масках, то і мы, што рабіць. Я чамусьці не баюся каранавірусу. Гэта тое, што можна вылечыць», — кажа прадавачка.
Маладая пара пакупнікоў кажа, што не пераймаецца праз сытуацыю ў Лельчыцах. «Мы больш сочым за тым, што ў Віцебску цяпер. Заўсёды ж цікавей тое, што адбываецца ў суседа, правільна?» — кажа жыхар Лельчыцаў.
У раённым шпіталі ўсе ў масках, нават на прахадной.
Размаўляем з намесьнікам галоўнага лекара па мэдычнай частцы Сьвятланай Зубрэй.
«Абстаноўка стабільная, усё па санітарна-эпідэміялягічным рэжыме выконваецца. Пальчаткі, маскі, шапачкі на мэдыках, для наведнікаў — маскі і бахілы», — кажа яна. І дадае, што прафіляктычныя агляды пакуль абмежаваныя, інфэкцыйнае аддзяленьне перапрафілявалі пад «казарменнае становішча мэдпэрсаналу, яны будуць працаваць тут на месцы».
«Уся іншая інфармацыя — на сайце райвыканкаму і раённай газэты», — падводзіць вынік размовы намесьнік галоўнага лекара. На іншыя пытаньні — колькі людзей шпіталізавалі як «кантактных», колькі мэдыкаў трапілі ў гэтую катэгорыю — яна адмаўляецца адказваць.
На вуліцы Перамогі ў Лельчыцах учора мэдыкі ў спэцыялізаванай ахоўнай вопратцы забралі лябарантку мясцовага шпіталя.
«Яна ж брала аналізы ў таго дырэктара, вось і яе забралі», — кажа суседка.
Сайт райвыканкаму паведамляе, што «пацыент з пнэўманіяй паступіў у пятніцу і тут жа быў ізаляваны ў бокс пры аддзяленьні рэанімацыі».
На наступны дзень тэсты паказалі каранавірус, і пацыента завезьлі ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь.
«Раённы шпіталь працуе ў звычайным рэжыме, радзільня і гінэкалёгія часова перапрафіляваныя. Парадзіх накіроўваюць у Мазыр. Хранічныя хворыя з тэрапіі выпісаныя дахаты», — паведамляе райвыканкам.
У райвыканкаме ўсе ходзяць у масках, уключна зь міліцыянтам і службай «Адно акно».
Намесьніца старшыні райвыканкаму Натальля Шышканава адмаўляецца расказаць, колькі супрацоўнікаў райвыканкаму трапілі ў шпіталі і на карантын. Начальніка ўпраўленьня сельскай гаспадаркі, які таксама «кантактная асоба», яна прапануе пашукаць недзе па раёне. Тым часам ва ўпраўленьні сельскай гаспадаркі кажуць, што іх начальнік на бальнічным.
«Уся інфармацыя, якая цікавіць насельніцтва, — мы яе даём праз нашы СМІ і наш сайт. Я ня думаю, што насельніцтва хвалюе, хто там дзе захварэў. Людзям цікава, якія трэба выконваць меры асабістай гігіены, а ня хто там куды шпіталізаваны», — кажа Натальля Шышканава.
Старшыня Лельчыцкага райвыканкаму адмаўляецца прымаць журналістаў.
Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ