У Туркмэністане фактычна забаранілі слова «каранавірус»

Ашгабад

Улады Туркмэністану забаранілі выкарыстоўваць слова «каранавірус». Яно не ўжываецца ня толькі ў дзяржаўных СМІ ў гэтай краіне, але і адсутнічае ў інфармацыйных мэдыцынскіх брашурах, якія распаўсюджваюцца ў школах і паліклініках.

Пра гэта паведамляе арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» са спасылкай на незалежны сайт Turkmenistan Chronicle, заблякаваны ў краіне, і Радыё Азатлык (Туркмэнская служба Радыё Свабода).

Па паведамленьнях карэспандэнтаў радыё ў Ашгабадзе, размовы на вуліцы аб каранавірусе могуць скончыцца затрыманьнем. Акрамя таго, супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным знаходзяцца разам зь іншымі грамадзянамі ў чэргах і слухаюць, пра што размаўляюць людзі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лекара, які нядаўна сустракаўся з Пуціным, знайшлі каранавірус

«Радыкальным выключэньнем з туркмэнскага слоўніка слова „каранавірус“, каб схаваць усю інфармацыю аб пандэміі, урад Туркмэністану падвяргае небясьпецы сваіх грамадзян», — заяўляюць «Рэпартэры бязь межаў». Па афіцыйных дадзеных уладаў Туркмэніснтану — адной з самых закрытых і самых аўтарытарных краін сьвету — у краіне не было выяўлена ні аднаго выпадку заражэньня каранавірусам. Улады, аднак, прымаюць меры па барацьбе з распаўсюджваньнем інфэкцыі, шмат у чым падобныя на меры, якія прымаюцца ў тых краінах, дзе ёсьць нямала інфікаваных.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці заб’е карантын беларускую эканоміку? Разьбіраемся з экспэртамі

З 1 красавіка масава зачыняюцца прыватныя крамы, прадпрыемствы сфэры паслуг, а таксама прадпрыемствы па вытворчасьці прадуктаў харчаваньня. У насельніцтва масава мераюць тэмпэратуру. У школах падоўжаныя канікулы.