Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала 30 сакавіка зварот да Міністэрства аховы здароўя пад загалоўкам «Найлепшая абарона ад фэйкаў і панікі — праўдзівая своечасовая інфармацыя».
Абноўлена: Мінздароўя 30 сакавіка апублікавала статыстыку пра COVID-19 у Беларусі — празь 75 гадзінаў пасьля мінулага паведамленьня. Агулам выявілі 152 выпадкі, за тры дні 58 новых выпадкаў COVID-19
Як адзначае БАЖ, карэктная праца мэдыя немагчымая, калі кампэтэнтныя дзяржаўныя органы ня будуць своечасова і дакладна інфармаваць журналістаў, адказваць на пытаньні і звароты.
Асацыяцыі вядомыя факты, калі журналісты не маглі атрымаць апэратыўную інфармацыю пра COVID-19 — у прыклад прыводзяцца выпадкі, калі 20 сакавіка «Наша ніва» і Onliner.by цэлы дзень не маглі дазваніцца да прэс-службы Мінздароўя, а таксама калі 4 сакавіка баранавіцкі Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі адмовіўся казаць Intex-press пра захады супраць распаўсюду вірусу.
БАЖ спасылаецца на 34-ы артыкул Канстытуцыі і патрабуе:
- арганізаваць працу прэс-службаў Мінздароўя, абласных, гарадзкіх і раённых уладаў так, каб кожны журналіст мог у працоўны час атрымаць дакладную і своечасовую інфармацыю пра COVID-19;
- штодзень даваць грамадзтву апэратыўную і дакладную інфармацыю пра распаўсюд COVID-19, а таксама пра рэкамэндацыі лекараў.
У Палаце прадстаўнікоў будуць разглядзіць інфармаваньне пра пандэмію, але недзяржаўныя СМІ ня пусьцяць
Пастаянная камісія правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі разгледзіць 31 сакавіка пытаньне «забесьпячэньня права грамадзянаў на атрыманьне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі і прадухіленьня распаўсюду недакладнай інфармацыі ва ўмовах пандэміі каранавірусу».
БелаПАН — найстарэйшае незалежнае інфармацыйнае агенцтва Беларусі — хацела накіраваць на паседжаньне журналіста, але атрымала адмову. Старшыня камісіі Генадзь Давыдзька заявіў, што на паседжаньне запрасілі толькі дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, хоць сустрэча і «ня носіць закрытага характару».
Давыдзька растлумачыў адмову тым, што яму «не хацелася б» прысутнасьці БелаПАН, бо ён нібыта «шмат раз чытаў нейкія дзіўныя публікацыі» агенцтва і прыйшоў да высновы, што яно «не зацікаўленае ў дзяржаве».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыёляг Вардамацкі: Аб’ём панікі адваротна прапарцыйны абʼёму інфармацыі
Што зь лічбамі аб COVID-19
Па стане на 27 сакавіка пацьвердзілі 94 выпадкі інфэкцыі новым каранавірусам: 32 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. Пасьля 27 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.
З таго часу стала вядома пра выпадкі COVID-19 у настаўніка гімназіі ў Менску, актора ў Віцебску і невядомага чалавека ў Іўі, а таксама пра падазрэньні ў дырэктара гаспадаркі і супрацоўнікаў райвыканкаму ў Лельчыцах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус у сям’і актораў Коласаўскага тэатра: жонку выпісалі пасьля пнэўманіі, муж у рэанімацыіНа прэс-канфэрэнцыі 27 сакавіка Мінздароўя паведаміла, што сьвядома выбрала тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца». Як відаць са статыстыкі Сусьветнай арганізацыі здароўя, практычна ўсе іншыя краіны Эўропы даюць статыстыку штодзень.
У той момант лічбы па каранавірусе ў Беларусі былі аднымі з самых нізкіх у Эўропе. Менш выпадкаў фіксавалі ў Косава (на той момант 86 выпадкаў пры насельніцтве 1,81 млн чалавек), Грузіі (81 пры 3,72 млн), Чарнагорыі (70 пры 631 тысячы) і шэрагу мікрадзяржаваў з насельніцтвам менш за 40 тысяч чалавек.
На заўвагі аб тым, што некаторыя беларусы сумняваюцца ў праўдзівасьці такіх лічбаў, прадстаўнікі Мінздароўя адказалі, што ў Беларусі выпадкі COVID-19 ня ўтойваюць, што «мы робім усё, каб не было, як у некаторых краінах Эўропы», «робім усе захады для спакойнага жыцьця ў краіне», «сытуацыя спакойная і абсалютна кантраляваная», «хоць сьвет гарыць вакол».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус пры пераліваньні крыві не перадаецца. Вялікая гутарка з дырэктарам РНПЦ трансфузіялёгіі і мэдыцынскіх біятэхналёгійКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.