Як стала вядома Свабодзе, з падазрэньнем на каранавірус у Гомельскі інфэкцыйны шпіталь трапіў дырэктар аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Лельчыцкага раёну. Ягоныя кантактныя асобы — блізкія сваякі, а таксама кіраўніцтва ўпраўленьня сельскай гаспадаркі Лельчыцкага райвыканкаму — таксама шпіталізаваныя.
У Лельчыцах праводзіцца эпідэміялягічнае расьсьледаваньне для выяўленьня магчымага выпадку COVID-19. «Пацыента шпіталізавалі ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь, ягоныя кантакты знойдзеныя і знаходзяцца на мэдыцынскім абсьледаваньні», — паведаміла «Гомельская праўда».
Ва ўпраўленьні сельскай гаспадаркі і харчаваньня Лельчыцкага райвынканкаму з раніцы 30 сакавіка ніхто не адказвае па тэлефонах кіраўніцтва — начальніка ўпраўленьня і ягоных намесьнікаў. Іншыя супрацоўнікі райвынкаму кажуць па тэлефоне, што начальнік упраўленьня і яго намесьнікі на бальнічных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі актор у рэанімацыі з COVID-19 і пнэўманіяй, — дырэктар тэатру імя Якуба КоласаКрыніцы Свабоды паведамілі, што агулам з упраўленьня сельскай гаспадаркі і кіраўніцтва калгасу забралі дзесяць чалавек як кантактных асобаў.
У гаспадарцы, кіраўніка якой забралі з падазрэннем на каранавірус, з раніцы 30 сакавіка ніхто не здымае слухаўку.
Прэсавая сакратарка Гомельскага аблвыканкаму Вольга Рабікава пацьвердзіла Свабодзе, што шпіталізаваны з каранавірусам — жыхар Лельчыц. Пра супрацоўнікаў Лельчыцкага райвыканкаму ў яе няма інфармацыі. Яна параіла тэлефанаваць у Міністэрства аховы здароўя.
На момант выхаду публікацыі камэнтар Мінздароўя нам атрымаць не ўдалося.
Намесьніца старшыні Лельчыцкага райвыканкаму Натальля Шышканава скіравала нас да публікацыі ў лельчыцкай раёнцы. Там кароткае паведамленьне, якое дублюе згданую вышэй «Гомельскую праўду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы выпадак каранавірусу зафіксавалі ў Іўі на Горадзеншчыне23 сакавіка міністэрства аховы здароўя пацьвердзіла інфармацыю пра выяўлены выпадак COVID-19 у 58-гадовай жыхаркі Жыткавічаў. Да гэтага яна тыдзень лячылася ў мясцовай паліклініцы, а потым у жанчыны выявілі запаленьне лёгкіх, яна страціла прытомнасьць пасьля візыту да лекара. Жанчыну перавялі ў Гомельскі сухотны шпіталь, ізалявалі яе «кантакты» — каля 40 чалавек.
Пазьней міністэрства аховы здароўя выступіла з заявай, што ў жанчыны з Жыткавічаў «шэраг праведзеных тэстаў не пацьвердзіў наяўнасьць COVID-19».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як лечаць ад каранавірусу ў Беларусі і за мяжой. Расказваюць лекары і хворыяКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.