Раніцай 30 сакавіка на большай частцы Беларусі трымаецца холад, месцамі выпаў сьнег — прыйшло арктычнае паветра. На дзень абвясьцілі жоўты ўзровень небясьпекі з прычыны моцнага ветру. Але такія маразы для 30 сакавіка не рэкордныя — у 1952-м было мінус 17,4°С.
Але ў папярэднія тры дні надвор’е біла рэкорды цяпла, адзначае БелаПАН.
29 сакавіка адзначалі рэкорды цяпла ва ўсіх абласьцях, акрамя Віцебскай. Цяплей за ўсё было ў Васілевічах, Лельчыцах і Акцябры: +18,7°С (пабітыя рэкорды 1977, 1986 і 2007 гадоў адпаведна). Амаль столькі ж было ў Гомлі і Мазыры: +18,6°С (пабітыя рэкорды 2007 і 1977 гадоў). Агулам рэкорды цеплыні за ўвесь час назіраньняў у той дзень фіксавалі ў 20 гарадах, хаця абсалютны рэкорд ня быў пабіты — у Жлобіне 13 гадоў таму ў гэты дзень было аж +19,7°С.
За дзень да таго тэмпэратурныя максымумы фіксавалі на 35 мэтэастанцыях ва ўсіх абласьцях, за два дні да таго — на трох у Магілёўскай і адной у Віцебскай вобласьці.
З пачатку сакавіка 13 дзён былі з тэмпэратурнымі рэкордамі, фіксавалі 129 максымумаў і ніводнага мінімуму.
«Абвал» тэмпэратуры з 29 на 30 сакавіка склаў больш як 10 градусаў. Надалей прагназуюць паступовае пацяпленьне, але ночы пачнуць станавіцца «плюсавымі» толькі ў чацьвер.
Так, у Менску днём 30 сакавіка чакаюць каля 0°С (магчымы сьнег, галалёдзіца на дарогах), у ноч на аўторак мінус, днём зноў плюс, затым у ноч на сераду зноў мінус і днём невялікі плюс. Ноч на чацьвер ужо мае быць у Менску з плюсавой тэмпэратурай, а днём у чацьвер мае быць ужо да +6°С. Ад серады магчымыя дажджы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Горача! Як зьмена клімату ўплывае на Беларусь. ВІДЭАЦягам мінулай зімы ў Беларусі 29 дзён з 91 фіксавалі рэкорды мэтэаназіраньняў за ўвесь час. Студзень стаў найцяплейшым за ўвесь час назіраньняў.
Упершыню за гісторыю назіраньняў у Беларусі ў каляндарную зіму не было зімы кліматычнай, калі сярэдняя тэмпэратура працяглы час была б ніжэйшай за 0°С.