«А што рабіць? Сядзець у куточку і плакаць?» Менскі гостэл стаў «камуналкай для міленіялаў», каб перажыць пандэмію каранавірусу

Дырэктарка сеткі менскіх гостэлаў Ксенія Курусь

Ксенія Курусь мяркуе, што выкліканы пандэміяй крызіс працягнецца ў лепшым выпадку да верасьня. У горшым — да 2022 году. А сама яна ўжо пайшла падпрацоўваць кіроўцай таксі.

«Калегі ў Брусэлі, Лісабоне і Ратэрдаме проста пазакрывалі свае гостэлы»

З дырэктаркай сеткі менскіх гостэлаў Ксеніяй Курусь сустракаемся ў адным зь іх, на тэрыторыі Траецкага прадмесьця. На рэцэпцыі бачу невялікую чаргу з замежнікаў, у агульным пакоі за сталом вясёлая кампанія. Разьняволеная атмасфэра пасьпяховага бізнэсу. Уладальніца кажа, што гэта толькі на першы погляд.

«У траўні нам будзе восем гадоў, вечарынку заплянавалі, — расказвае Ксенія. — Працуем з 2012 году, былі аднымі зь першых у Беларусі. У 2014-м перажылі крызіс, калі даляр скакануў. Тады людзі адмянялі браніраваньні масава, вельмі цяжка было. Потым, бліжэй да сэзону, лягчэй стала, сытуацыя выправілася. А такога, як цяпер, не было ніколі. Мае калегі ў Брусэлі, Лісабоне і Ратэрдаме проста пазакрывалі гостэлы».

Ксенія Курусь на ўваходзе ў гостэл

Ксенія адразу прызнаецца, што ня ведае, як цяпер будзе разьвівацца сытуацыя на турыстычным рынку. Кажа, што пандэмія ўвогуле можа на некаторы час зьнішчыць гостэлы як зьяву ва ўсім сьвеце. Так будзе, калі іх уладальнікі не прыдумаюць, як працаваць ва ўмовах жорсткага карантыну і замкнёных межаў.

«Я ў Таліне была, калі пачалі межы зачыняць, — расказвае Ксенія. — Зразумела а 9-й раніцы, што да паўночы павінна выехаць, іначай не вярнуся ў Менск. Вярнулася і бачу, што тут ой-ой-ой. Усе адмянілі браніраваньне. Фэстываль не адбудзецца, спаборніцтвы адмененыя, група пераносіцца з траўня на кастрычнік. Госьці просяць вярнуць грошы. Вандроўнікі зусім перасталі вандраваць. Я задумалася — што ж рабіць цяпер? І ўзгадала, што нядаўна са знаёмай уладальніцай гостэла ў Пецярбургу абмяркоўвалі ідэю калівінгу (ад англ. coliving — "жыць разам") . Гэта нічога новага, у прынцыпе. Камунальная кватэра, але для міленіялаў».

Кожны чацьвер у гостэле гатуюць сумесную вячэру. На гэтым тыдні на вячэру — нут з капустай, морквай і імбірам

«Альбо ідзем плакаць у куточку, альбо адаптуемся»

Ксенія кажа, што ідэя можа мець посьпех. Міленіялам падабаецца карыстацца рэчамі без абавязкаў. Машыны, ровары, самакаты — усё гэта даступна ў шэрынгу. Жыльлё таксама можа быць такім. Па словах прадпрымальніцы, наймаць пакой у гостэле нашмат зручней, чым арандаваць кватэру. Ніякіх дамоваў з гаспадарамі на год, аплаты камунальных.

«Мне падалося, што прапанаваць пакой у самым цэнтры Менску, з вэгетарыянскімі вячэрамі, з інтэрнэтам і ўсім іншым за 250 даляраў у месяц — гэта можа быць цікава, — расказвае Ксенія пра сваю новую паслугу. — Паркінг, бялізна — усё ёсьць. Людзі ўжо пачалі адгукацца. Нам гэта дапамагае трымацца на паверхні, аплачваць рахункі. Толькі скончылі рамонт на другім паверсе, а тут такое. Трапілі ў сытуацыю, калі мы ўсім вінныя. Цяпер мы альбо закрываемся ў адзін момант і ідзем плакаць у куточак, альбо адаптуемся пад новую рэальнасьць».

У гостэле рыхтуюць старыя рэчы на продаж, каб атрымаць дадатковы прыбытак

Ксенія перакананая, што крызіс можа зрабіць людзей мацнейшымі. Прызнаецца, што ідэя з калівінгам не дазволіць зарабіць грошай, толькі ўратуе бізнэс ад закрыцьця. Звычайна гостэлу выгадна мець госьця на 2—3—4 дні. Калі ён застаецца даўжэй, гэта ўжо нязручна.

«Мне таксама трэба адаптавацца, — кажа дзяўчына. — Я ўжо спампавала сабе Uber Drive, а што рабіць? Трэба працаваць, я з 13 гадоў працую. Дома не магу сядзець. Сёньня ўжо адвозіла канадца ў аэрапорт. Мы вось заўсёды некуды беглі, стараліся дасягнуць посьпеху. Магчыма, гэты пэрыяд дапаможа крыху выдыхнуць. Знайсьці гармонію ўнутры сябе, пабыць дома. Я вось задумалася, што я яшчэ ўмею. Бо ўменьне кіраваць гостэлам ужо ня вельмі спатрэбіцца. Я ўмею прадаваць, умею кіраваць аўтамабілем. Шукаю ў сабе нешта».

Ксенія Курусь

«Камуналка для міленіялаў»

Аляксей, якога сустракаем у гостэле Ксеніі праз шэсьць дзён пасьля абвесткі пра стварэньне «камуналкі для міленіялаў», тлумачыць, чаму вырашыў скарыстацца прапановай. Кажа, што ён зь Менску, але цяпер мае патрэбу пажыць ня дома.

Аляксей чакае свайго засяленьня ў гостэл

«Ідэя калівінгу клясная, — кажа ён. — Калі ўбачыў абвестку ў інтэрнэце, вырашыў, што гэта значна лепш, чым здымаць кватэру. На пакоі ў гостэле вялікі попыт, кошты растуць хутка. У выніку я наняў пакой за 200 даляраў, хоць плянаваў за 150. Я працую ў тэатры. Думаю, у гостэле зьбяруцца творчыя людзі — такая „камуналка для міленіялаў“. Гэта можа быць вясёлы, карысны час для натхненьня. Тым больш гостэл у кляснай частцы гораду — у самым цэнтры. Я паставіў сабе мэты чытаць больш кніг, напісаць п’есу, бегаць уздоўж набярэжнай Сьвіслачы, знаёміцца з новымі людзьмі».

Аляксей аглядае новы пакой

Па словах уладальніцы «камуналкі для міленіялаў», пажыць у ёй насамрэч выказваюць жаданьне пераважна творчыя людзі да 40 гадоў.

«З ідэі калівінгу атрымалася своеасаблівая арт-рэзыдэнцыя, — расказвае Ксенія. — У нас ужо забраніравалі месцы бубнач гурту РСП, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музэю, гукарэжысэр з Тэатру лялек, кераміст, мастак, дызайнэр, фатографка. Гэта цікавыя людзі, якія хочуць жыць у цэнтры. Мы пільна адсочваем, хто да нас прыходзіць. Бяром аплату за месяц. Калі ўсім нам будзе камфортна, то працягнем далей. Некаторым я адмаўляла. Важна, каб усе пасавалі адзін да аднаго».

Такі пакой на аднаго чалавека будзе каштаваць 200 даляраў на месяц

Дзяўчына ўжо мае далейшыя пляны. Расказвае пра ідэю стварыць калівінг у цэнтры Менску на 2–3 тысячы мэтраў. З мэбляй, агульнымі правіламі, інфраструктурай, вялікай супольнай прасторай для кіно і канфэрэнцый. Каб усім было адносна бюджэтна.

«Я думаю, што ў лепшым выпадку гэты крызіс да верасьня, — кажа Ксенія. — Турыстычная галіна — гэта толькі першая хваля. Вось я раней замаўляла рэкляму ў агенцтве сябра. Больш ня буду, гэта ўжо ня мае сэнсу. Але ён працягвае працаваць. Аддалены рэжым, кліенты пакуль ёсьць. Пакуль. Але яны хутка таксама адмовяцца. Барбэршопы, салёны прыгажосьці, рэстараны. І рэклямнае агенцтва таксама закрыецца. Псыхолягі збанкрутуюць. Каму цяпер патрэбная псыхалягічная дапамога? Грэчкі трэба купіць. Людзі пачнуць клапаціцца ў першую чаргу пра асноўныя патрэбы».

У горшым жа выпадку, на думку дзяўчыны, выкліканы пандэміяй крызіс працягнецца гады два. Як раней, кажа Ксенія, у любым выпадку больш ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 90% выручкі. Якія галіны эканомікі найбольш пацярпелі ад каранавірусу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Альбо распушчу пэрсанал, альбо закрыюся». Як выжывае прыдарожная кавярня пад Браславам пасьля закрыцьця межаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя мелі да 90% кліентаў з Расеі». Як працуюць беларускія санаторыі пасьля закрыцьця межаў