Справа аб забойстве немаўляці ў Івацэвіцкім раёне дойдзе да суду праз 14 з паловай гадоў

Сьледчы экспэрымэнт з падазраванай

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў 27 сакавіка аб перадачы пракурору для накіраваньня ў суд справы аб забойстве дзіцяці ў 2005 годзе. Маці, якую падазраюць у забойстве сына, выявілі толькі ў лістападзе 2019 году.

3-га лістапада 2005 году міліцыянтам паведамілі пра загорнутае ў пакет цела немаўляці, знойдзенае на сьметніку ля вёскі Міханавічы Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Экспэрты тады вызначылі генатып меркаванай маці дзіцяці, але маці тады не знайшлі.

За 2019 год у Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў накіравалі тры сотні ўзораў ДНК жанчын, якія маглі быць біялягічнымі маці забітага дзіцяці, і адзін супаў. Падазраванай цяпер 37 гадоў.

Расьсьледаваньне паказала, што жанчына нарадзіла жыцьцяздольнае дзіця дома, а пасьля, як кажуць сьледчыя, задушыла, загарнула цела ў пакет і выкінула ў сьметніцу ля дома.

За «забойства заведама малалетняга ў бездапаможным стане» паводле ч. 2 арт. 139 КК пагражае ад 8 да 25 гадоў турмы — пажыцьцёвае зьняволеньне і сьмяротнае пакараньне жанчынам у Беларусі не прысуджаюць.