У Горадні 20-гадовую жанчыну асудзілі за наўмыснае зьбіцьцё свайго маленькага дзіцяці. Прысуд быў вынесены 16 верасьня, падрабязнасьці справы распавяла ў эфіры «Радыё-Мінск» прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова, піша Tut.by.
Cуд Кастрычніцкага раёну Горадні прызнаў жанчыну вінаватай у «наўмысным прычыненьні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў малалетняму дзіцяці, якое носіць характар катаваньняў» (п. 1, 3 ч. 2. арт. 147 Крымінальнага кодэксу) і асудзіў на 7 гадоў пазбаўленьня волі, са скарачэньнем тэрміну на год па амністыі.
Траўмы ў 2-месячнага дзіцяці заўважылі лекары падчас плянавага агляду ў паліклініцы. Спачатку лекары ўбачылі на целе дзіцяці раны, а таксама абмежаваньне рухомасьці адной нагі, а пры абсьледаваньні выявілі таксама пераломы сьцягна і ключыцы. Прычым некаторыя траўмы ўжо пачалі гаіцца. Калі маці сталі задаваць пытаньні, яна рабіла выгляд, што не разумее, пра што гаворка.
Як пазьней высьветлілі сьледчыя, некаторыя ўдары жанчына наносіла ў ваньне, і дзіця пры гэтым білася галавой аб сьцяну. Людзі, якія жылі зь ёй, расказалі, што жанчына часта кідала малога на падлогу, мэблю і нецэнзурна лаялася на яго.
Жанчына запэўнівала сьледчых, што ў яе проста «здалі нэрвы». Спачатку яна з сужыцелем наведвала дзіця ў бальніцы, але апошнія два тыдні перастала прыходзіць.
Органы апекі прызналі, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы і мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Немаўля цяпер знаходзіцца ў доме дзіцяці для дзяцей з арганічным паражэньнем цэнтральнай нэрвовай сыстэмы з парушэньнем псыхікі.