Калегія менскага гарадзкога суду 27 сакавіка зьменшыла прысуд анархістам Мікіту Емяльянаву і Івану Комару, якія былі асуджаныя на 7 гадоў зьняволеньня. На разгляд касацыйных скаргаў актывістаў Емяльянава і Комара не прывозілі, хадайніцтвы абаронцаў аб выкліканьні асуджаных у суд былі адхіленыя, а прычыны такога рашэньня не былі агучаныя.
Емяльянаву цяпер прысудзілі 4 гады. Комару — 3 гады 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Сумы шкоды (144 рублі ў адным эпізодзе, 1 рубель 48 капеек у другім) пакінулі ранейшымі.
Праваабаронцы раней прызналі палітвязьнямі асуджаных анархістаў. Прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алег Пашкевіч сказаў, што зьмяншэньне тэрміну пакараньня абодвум анархістам можна вітаць, але ўсё ж гэтага недастаткова.
«Гэта не адмяняе нашага агульнага рашэньня лічыць Емяльянава і Комара палітвязьнямі, — сказаў Алег Пашкевіч. — Праваабаронцы па-ранейшаму заклікаюць перагледзець прысуд і прыняць рашэньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мне пагражалі гвалтам у камэры з 15 сядзельцамі». Анархіст Комар не прызнаў віны ў нападзе на «Валадарку» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын сьледчай і міліцыянта. Анархіст Емяльянаў, якога вінавацяць у нападзе на «Валадарку», прызнаў віну часткова12 лютага Савецкі раённы суд Менску прызнаў вінаватымі
Мікіту Емяльянава і Івана Комара вінаватымі ў злачынствах, якія адбыліся ў верасьні і кастрычніку 2019 году. Емяльянаў прызнаў, што кінуў лямпачку з фарбай у будынак Менгарсуду, а Комар прызнаў, што быў у гэты момант непадалёк. Акцыя адбылася напярэдадні працэсу над актывістам анархісцкага руху Зьмітром Паліенкам. Абодва абвінавачаныя заявілі ў судзе, што акцыя была праявай салідарнасьці з аднадумцам.
Таксама на палітычны матыў сваіх дзеяньняў анархісты ўказвалі падчас судовага дасьледаваньня другога эпізоду справы — калі ў дзьверы СІЗА на вуліцы Валадарскага Мікіта Емяльянаў кінуў «кактэйль Молатава», а Іван Комар здымаў акцыю на відэа. Страты ад гэтай акцыі былі ацэненыя ў меней як 2 рублі. Адвакаты Емяльянава і Комара даводзілі, што сьледзтва нават не правяло экспэртызу «кактэйля Молатава», які вырабілі анархісты. Емяльянаў заявіў у судзе, што не зьбіраўся наносіць шкоду людзям.
Што казалі адвакаты асуджаных на разглядзе іх апэляцыі?
«Фактычна мы маем страты ў 1 рубель 48 капеек у гэтым эпізодзе ды 144 рублі ў эпізодзе пра Менгарсуд, якія былі кампэнсаваныя яшчэ да суду. А на другім баку мы бачым 7 гадоў зьняволеньня, што яўна несувымерна злачынству», — даводзіў абаронца Мікіты Емяльянава Дзьмітры Лепрэтар. Адвакат апэляваў да права Емяльянава на свабоду выяўленьня думак. Паводле абаронцы, надзвычай жорсткі прысуд Емяльянаву супярэчыць Дэклярацыі правоў чалавека, падпісанай Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомыя закідалі фарбай суд, які асудзіў анархістаў за закідваньне фарбай іншага судуЗа адмену прысуду выказалася і абаронца Івана Комара Людміла Казак. Адвакатка даводзіла суду, што яе падабаронны непасрэдна не кідаў фарбу ў будынак суду і «кактэйль Молатава» ў будынак Менскага СІЗА. На думку абаронцы, Савецкі раённы суд недакладна кваліфікаваў дзеяньні Івана Комара і не прыняў да ўвагі ягоныя паказаньні, якія супярэчылі вэрсіі сьледзтва.
Адвакат нагадала пра заяву яе падабароннага, які казаў, што падчас сьледзтва ён зазнаў незаконны ціск і агаварыў сябе ды Мікіту Емяльянава, а на працэсе адмовіўся ад ранейшых паказаньняў. Абаронца нагадала, што Савецкі раённы суд у сваім прысудзе ніяк не ўлічыў станоўчыя характарыстыкі Емяльянава і Комара, а таксама не патлумачыў у прысудзе, чаму для выпраўленьня асуджаных абавязкова патрэбна пазбаўленьне волі.
З аргумэнтамі адвакатаў не пагадзілася прадстаўніца пракуратуры Алеся Мінец. Паводле супрацоўніцы пракуратуры, Савецкі раённы суд дакладна кваліфікаваў дзеяньні Емяльянава і Комара, вызначыў іх віну ў нападзе на Менгарсуд і СІЗА ў 2019 годзе і матываваў сваё рашэньне «патрэбным чынам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзясяткі чалавек падпісалі адкрыты ліст у падтрымку асуджаных анархістаўУ лютым 2020 году, неўзабаве пасьля працэсу над анархістамі Мікітам Емяльянавым і Іванам Комарам, беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі. У прынятай заяве праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады адмяніць прысуд, які палічылі неабгрунтавана жорсткім, ды перагледзець справу.
Мікіту Емяльянава і Івана Комара трымаюць у Жодзінскай турме. На гэтым тыдні стала вядома, што ў турме Емяльянава зьмясьцілі ў карцар, але прычыны, якія прывялі да гэтага пакараньня, дагэтуль невядомыя. Паводле сваякоў, Мікіта Емяльянаў адбыў у карцары 5 дзён і вярнуўся ў звычайную камэру.