Турызм — першае, па чым ударыла эпідэмія каранавірусу. Закрытыя межы, спыненыя туры, немагчымасьць вывесьці грошы турапэратараў — усё гэта адбілася на ім наўпрост. Свабода разабралася, наколькі пандэмія паўплывае на турызм і як яго ўратаваць.
Каля 300 тысяч чалавек — столькі працуе ў беларускім турызьме: у гатэлях, турфірмах, хостэлах, аграсядзібах. Па гэтых людзях і па іхнай прафэсійнай сфэры пандэмія каранавірусу ўдарыла найбольш.
У Міністэрстве спорту і турызму пакуль не бяруцца сказаць, калі ўсясьветны і беларускі турбізнэс ачуняе ад крызісу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінспорту прапанавала льготы для турызму на час эпідэміі«Ацаніць страты можна будзе хіба пасьля турыстычнага сэзону. Але яны будуць вялікія і для гатэльнага бізнэсу, і для санаторна-курортнага, і для рэстараннага бізнэсу — для ўсіх відаў турызму. Цягам апошніх гадоў турыстычная сфэра працавала добра, па выніках мінулага году быў істотны прырост, добрыя паказчыкі. Страты відавочныя, але падлічыць іх у грошах пакуль складана. Ёсьць пагроза страты працоўных месцаў», — кажа Ўладзімер Несьцяровіч, прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму.
За мінулы год прыбытак усіх турыстычных арганізацый Беларусі склаў 28,2 мільёна рублёў. Калі ўся сфэра ня будзе працаваць два тыдні — гэта каля 1 мільёна рублёў стратаў. Калі месяц — 2 мільёны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы ня едуць, а нас адпраўляюць на палову стаўкі». Што адбываецца ў беларускіх санаторыях, дзе да паловы пуцёвак набывалі расейцы?
Чым дапамагчы турызму
На сёньня ў Мінспорту прапануюць даць турыстычнай сфэры ільготы, каб перажыць час пандэміі.
«Мы прапанавалі абвясьціць падатковыя вакацыі, зьнізіць арэндную плату, прапанавалі выдзяляць ільготныя крэдыты, даць адтэрміноўкі па тэрмінах вяртаньня сродкаў грамадзянам», — пералічвае некаторыя меры Ўладзімер Несьцяровіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Большасьць адмоваў — у сакавіку». Як сытуацыя з каранавірусам закранула ўязны і ўнутраны турызмУ саюзе турыстычных арганізацый Беларусі таксама прапануюць увесьці шэраг паслабленьняў для турыстычных кампаній.
«Увядзеньне падатковых вакацый, мараторый на ўсе віды падаткаў з улікам плацяжоў у ФСАН для ўсіх сфэраў турызму, гатэляў і для транспартных кампаній. Гэта павінна тычыцца і прадпрыемстваў, якія прадаюць сувэнірную прадукцыю, бо яны таксама ў крытычнай сытуацыі. Таксама мы прапаноўвалі зьнізіць базавую стаўку арэнднай платы, а для тых, у каго свае памяшканьні, — зьнізіць падатак на зямлю.
Таксама Нацбанк мог бы зьнізіць камісійныя пры грашовых пералічэньнях. У сфэры рэгуляваньня варта ўвесьці адтэрміноўку плацяжоў», — пералічвае Аляксандар Копанеў, дырэктар Саюзу турыстычных арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Альбо распушчу пэрсанал, альбо закрыюся». Як выжывае прыдарожная кавярня пад Браславам пасьля закрыцьця межаў
Турфірмы не адмаўляюцца ад сваіх абавязаньняў
Турфірмы прапануюць кліентам пераносіць паездкі на іншы час, калі пандэмія скончыцца. Паводле Аляксандра Копанева, магчымыя розныя варыянты пераносу.
«Мы заклікаем кліентаў не прымаць неабдуманых рашэньняў, не зьвяртацца некуды з позвамі. Усе гатовыя выканаць свае абавязаньні, як толькі сытуацыя наладзіцца. Многія апэратары прапануюць пашырыць тэрміны на паездкі нават на наступны год», — кажа Аляксандар Копанеў.
Па выніках 2019 году доля сфэры турызму ў агульным ВУП Беларусі складае 2,2%.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.