Украіна атрымала ад Арганізацыі аб’яднаных нацый $33 мільёны ў рамках праграмы «Глябальны плян гуманітарнага рэагаваньня для барацьбы з COVID-19». Пра гэта паведаміў у сацсетках прадстаўнік украінскай дэлегацыі ў ААН Алег Нікаленка.
Паводле яго, грошы будуць накіраваныя на рэалізацыю гуманітарных праектаў на Данбасе па абодва бакі лініі разьмежаваньня, у тым ліку на тэрыторыі, якую кантралююць прарасейскія сэпаратысты.
Грошы пойдуць на фінансаваньне:
- мэдычных установаў (дастаўку неабходнага лябараторнага абсталяваньня і мэдыкамэнтаў)
- забясьпячэньня харчовай бясьпекі ў рэгіёне і раздачы тавараў першай неабходнасьці мясцовым жыхарам
- дапамогі асобам сталага веку і людзям з інваліднасьцю
- дыстанцыйнай школьнай адукацыі
- правядзеньне інфармацыйных кампаній у справе абароны сябе і навакольных ад вірусу.
«Найбольш неабароненыя катэгорыі ўкраінцаў будуць мець сродкі для лячэньня і мінімізацыі нэгатыўнага ўплыву каранавірусу», — растлумачыў Нікаленка.
Ён нагадаў, што «Глябальны плян ААН» прадугледжвае разьмеркаваньне каля $2 мільярдаў для стрымліваньня эпідэміі COVID-19 у краінах, якія разьвіваюцца ў Паўднёвай Амэрыцы, Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Азіі.
Паводле Цэнтра грамадзкага здароўя, па стане на раніцу 26 сакавіка ва Ўкраіне было зарэгістравана 156 лябараторна пацьверджаных выпадкаў COVID-19. Пяць хворых памерлі. Чвэрць тых, хто захварэў жывуць у Кіеве — 40 чалавек.
Некалькі дзён таму кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што на барацьбу з каранавірусам выдаткоўваецца адзін мільён даляраў.
У Беларусі на 25 сакавіка пацьвердзілі 86 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам: 29 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: за дзень яшчэ 2 пацыенты памерлі ў Расеі, 1 ва Ўкраіне, 247 у ЗША