Менская рэстарацыя закрылася і пачала гатаваць «ссабойкі» лекарам. Зьбірае грошы на посуд

©Shutterstock

Рэстарацыя Grillman абвясьціла збор грошай на плятформе Molamola.by — кампанія завецца «Зьбярэм ссабойку доктару». 12 тысяч рублёў патрэбна, каб зрабіць 12 тысяч гарачых абедаў для менскіх лекараў, таксама грошы патрэбны на аднаразовы посуд.

Сама рэстарацыя закрываецца ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Пакуль мяркуецца, што закрыцьцё працягнецца два месяцы. Пачынаючы з 26 сакавіка рэстарацыя абслугоўвае Менскую гарадзкую клінічную лякарню гарачымі абедамі за ўласныя грошы.

Рэстарацыя піша, што сама ня зможа аплаціць ўсе выдаткі, бо працягвае плаціць супрацоўнікам заробкі, а таксама за арэнду і камунальныя паслугі. Камплект аднаразовага посуду каштуе 1,1 рубля па закупачных цэнах, таму на 12 тысяч порцыяў лекарам рэстарацыя просіць 12 тысяч рублёў дапамогі.

Астатнія 60 тысяч рублёў рэстарацыя абяцае выдаткаваць з уласных сродкаў. Частку прадуктаў на праект ёй даюць «Віталюр», Bro Bakery, BakeZavod, «Велес Фуд», «Пятруха» і іншыя кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства аховы здароўя абвясьціла краўдфандынг. На што пойдуць грошы?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: #разам_ад_заразы — беларускі вытворца адзеньня кінуў іншым кампаніям «антывірусны» выклік

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ