Міністры замежных спраў сямі вядучых прамыслова разьвітых дэмакратый пагадзіліся з неабходнасьцю сумесных намаганьняў у барацьбе з новым каранавірусам, які выклікае захворваньне COVID-19, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Аднак амэрыканскія і эўрапейскія дыпляматы, якія мелі зносіны з дапамогай відэаканфэрэнцыі ў сераду, заявілі, што міністры не пагадзіліся з заклікам дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо называць каранавірус «уханьскім вірусам».
У выніку літаральна празь дзень пасьля таго, як міністры фінансаў і кіраўнікі цэнтральных банкаў «Вялікай сямёркі» выпусьцілі сумеснае камюніке са згадваньнем вірусу COVID-19, міністры замежных спраў ня сталі публікаваць групавой заявы.
Прадстаўнікі ЗША, паказаўшы на заяву міністраў фінансаў, адпрэчылі здагадкі аб разьяднанасьці «Вялікай сямёркі» і заявілі, што міністры замежных спраў і ня мелі намеру выпускаць уласнае камюніке.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: за дзень яшчэ 2 пацыенты памерлі ў Расеі, 1 ва Ўкраіне, 247 у ЗШАЭўрапейскія афіцыйныя асобы паведамілі, што Пампэо настойваў на тым, каб называць COVID-19 «уханьскім вірусам», нягледзячы на тое, што Сусьветная арганізацыя здароўя і іншыя выступаюць супраць таго, каб называць яго паводле геаграфічнай прыкметы з прычыны ягонай глябальнай прыроды.
У апошнія тыдні Пампэо стаў часьцей выкарыстоўваць назву «ўханьскі вірус», абвінавачваючы Кітай у тым, што ён стварае пагрозу міру, не раскрываючы падрабязную інфармацыю пра ўспышку, якая пачалася ва Ўхані.
Прэзыдэнт Дональд Трамп да самага апошняга часу называў новы каранавірус «кітайскім вірусам», але з пачатку гэтага тыдня ўстрымліваўся ад гэтага тэрміна на фоне заяў крытыкаў, што гэта выклікае дыскрымінацыйныя настроі і паводзіны ў дачыненьні да азіятаў і амэрыканцаў азіяцкага паходжаньня.
На сольнай прэс-канфэрэнцыі пасьля перамоваў са сваімі калегамі, Пампэо зноў згадаў «уханьскі вірус», заявіўшы, што ён зьяўляецца «самым актуальным пытаньнем парадку дня». Паводле яго, усе міністры замежных спраў «заявілі аб прыхільнасьці змагацца зь ім празрыста, як гэта неабходна ва ўсім сьвеце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ЗША спадзяецца спыніць пашырэньне каранавірусу да ВялікадняКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.