У Менску 25 сакавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі галоўнага рэдактара онлайн-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука. Супраць яго завялі крымінальную справу за хабар, паведамляе БелаПАН са спасылкай на жонку Сацука Жанну.
Справу пачаў дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Паводле Жанны Сацук, яе мужа адвезьлі ў менскі ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна. «Да пятніцы ён будзе там, а ў пятніцу ўжо вырашыцца пытаньне, ці прад’явяць абвінавачаньне, ці выпусьцяць», — сказала Жанна Сацук.
Затрыманьне адбылося пасьля 15-й гадзіны, калі Сяргей з жонкай падʼехалі да крамы будаўнічых матэрыялаў у вёсцы Вялікае Сьціклева.
«Падышлі два маладзёны ў цывільным, прадставіліся прадстаўнікам Камітэту дзяржкантролю, запрасілі яго ў сваю машыну і павезьлі. Прычыны затрыманьня мне не сказалі», — сказала Жанна.
Брат журналіста Аляксандар выказваў думку, што, магчыма, за Сяргеем сачылі да затрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ежедневник» адказаў на абвінавачаньні БТ у замоўных матэрыялах пра карупцыю ў мэдыцынеСам Сяргей Сацук за апошні час не выказваў аніякіх падазрэньняў наконт свайго магчымага затрыманьня. У той жа час родныя згадваюць, як паўгода таму на БТ выйшаў рэпартаж пра тое, што Сяргей Сацук і «Ежедневник» публікуюць заказныя рэпартажы. Тады нібыта, па словах Аляксандра і самога Сяргея Сацука, яму пагражалі, што яго або заб’юць, або падарвуць.
Цяпер у Сяргея Сацука ёсьць дзяжурны адвакат, і сямʼя чакае інфармацыі ад яго.
Сяргей Сацук вядомы сваімі журналісцкімі расьсьледаваньнямі, адно зь іх — пра пастаўкі ў Беларусь незарэгістраванай вакцыны «Эўпэнта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар расьсьледаваньня пра «Эўпэнту»: «Крытычная сытуацыя з вакцынацыяй створаная штучна»