Свабода патэлефанавала сталым героям сваіх публікацыяў, каб даведацца, як яны падрыхтаваліся да эпідэміі каранавірусу.
«Сын перахварэў на каранавірус, але гэта ў Нідэрляндах»
Капітан 3-га рангу ў адстаўцы Генадзь Сініцоў, 77 гадоў
За плячыма ў Генадзя Сініцова служба на славутай савецкай субмарыне «Ленинский комсомол», шматмесячныя падводныя паходы. Па выхадзе ў адстаўку ўраджэнец Ашмяншчыны Генадзь Сініцоў вярнуўся ў Беларусь і цяпер стала жыве ў Менску. У сьнежні браў удзел у мітынгах у абарону незалежнасьці.
«Мой сын Яраслаў працуе ў фірме, якая займаецца перабудовай і абсталяваньнем на сучасны лад кінатэатраў, шмат езьдзіць па сьвеце. Мінулым месяцам ён і ў Менску пабываў, тут яны бралі ўдзел у выставе. А неўзабаве, як вярнуўся ў Нідэрлянды, паднялася тэмпэратура. Праверыўся, і лекары сказалі, што ў яго каранавірус. У ягонай жонкі таксама выявілі хваробу. Яны былі на хатнім лячэньні, абышлося без наступстваў. Цяпер яшчэ на карантыне, з дому не выходзяць. У Нідэрляндах, калі пакінеш дом без паважнай прычыны і без інфармаваньня, — штраф 400 эўра. Але людзі там сьвядомыя, большасьць і бяз штрафаў пільнуюцца правілаў перасоўваньня. Сын піша, што сытуацыя выпраўляецца», — расказаў Генадзь Сініцоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крым расейцы аддадуць Украіне, праз вайну ці самі». Былы падводнік ходзіць на мітынгі за незалежнасьць«Асноўнае, што зрабілі, гэта да мінімуму скарацілі кантакты і перасоўваньне. Крама — паліклініка — дом, такі трыкутнік. Часьцей мыем рукі, часьцей прыбіраем у хаце. Жывем з жонкай у аднапакаёўцы, таму чысьціня не забірае шмат сілаў і часу. Пачуваемся добра і патрэбы ў тэстах пакуль не бачым, але калі давядзецца, дык чаму не.
Вось жонка была ў паліклініцы і прыйшла расчараваная, кажа, нікому мы не патрэбныя. Таму мы больш самі пра сябе рупімся. Яшчэ ў Менску жыве наша дачка, яна, калі што, дапаможа», — сказаў Генадзь Сініцоў.
Былы падводнік вітаў тое, што жыхары Менска сталі меней ездзьдзіць у мэтро і менш наведваць публічныя месцы.
А вось дзеяньні ўладаў у барацьбе з каранавірусам Генадзь Сініцоў лічыць недастатковымі.
«На флёце даводзілася перажываць успышкі інфэкцыяў. Там калі здараецца эпідэмія, камандзір імгненна прымае рашэньне аб карантыне. Усе сядзяць на сваіх месцах, ежу развозяць адмысловыя нарады, лекары робяць сваю справу. А тут чалавек, які ня мае адпаведнай адукацыі, за ўсіх вырашае, што нічога небясьпечнага няма. Баюся, каб не было горшых наступстваў», — сказаў Генадзь Сініцоў.
«Вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг, а пра каранавірус думае ўнучка»
Фізык і паэт Ян Грыб, 83 гады
83-гадовы мянчук Ян Грыб хадзіў на мітынгі, а потым у суды, за сваю палітычную пазыцыю быў пакараны штрафам. Званок Свабоды засьпеў спадара Яна за рыхтаваньнем да адзначэньня Дня Волі.
«Якраз падрыхтаваў наш сьцяг, вось праз хвіліну вывешу на гаўбцы. Дома ў мяне два сьцягі, на лецішчы — ажно 8. Каб ня гэты каранавірус, дык мо на лецішчы зладзіў бы якую сустрэчу і ўсе сьцягі прыдаліся б, але мушу сядзець дома. А 25 сакавіка для мяне сьвяты дзень, бо тады наша Беларусь насуперак усім перашкодам выйшла на шлях незалежнасьці і ў выніку яе дамаглася. Але, вядома, яшчэ шмат трэба змагацца за незалежнасьць, бо досыць тых, хто марыць здаць нас імпэрыі», — кажа Ян Грыб.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Праз Лукашэнку я з нармальнага патрыёта стаў апантаным нацыяналістам». Гісторыя Яна Грыба, сымбаля мітынгаў за незалежнасьцьСпадар Грыб шчыра сказаў, што новай хваробы не баіцца, але мусіць пра сябе клапаціцца — найперш пад уплывам унучкі.
«Мая ўнучка, якая жыве са мной у гэтай кватэры, вучыцца ў Акадэміі мастацтваў. Іхная група на заняткі цяпер ня ходзіць, страйкуюць, кажуць, што небясьпечна. І мяне ўнучка ўвесь час трымае на кантролі. Як прыйду з прагулянкі з сабакам, нагадвае, каб памыў з мылам рукі, сама ў кватэры часьцей прыбірае. Яшчэ даводзіць, каб менш куды хадзіў. Мяне, праўда, цяжка кантраляваць і тым больш мне загадваць, але даводзіцца неяк прыслухоўвацца. Нічога, вытрымаем. А сам я пачуваюся добра і далей спадзяюся найперш на Бога», — сказаў Ян Грыб.
«Асноўная парада — бяз панікі»
Акадэмік Радзім Гарэцкі, 91 год
Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Радзім Гарэцкі працягвае працаваць. Сёньня званок Свабоды засьпеў Радзіма Гаўрылавіча на яго працоўным месцы ў Інстытуце прыродазнаўства. Пра тое, каб не працаваць, не ідзе гаворка; як той казаў, «бяз панікі», але захады засьцярогі патрэбныя«, — сказаў пра ўласную барацьбу з каранавірусам Радзім Гаўрылавіч і пералічыў свае захады бясьпекі.
«За руку зь людзьмі пакуль не вітаюся, часьцей карыстаюся антысэптыкамі, без патрэбы не выходжу на вуліцу. Вось такі мой уласны карантын. Але што да ўсёй краіны, дык, мяркую, трэба браць большы прыклад з суседніх краін, у тым ліку з Расеі, і пераходзіць да больш рашучых захадаў. Важна ўлічваць думку адмыслоўцаў», — лічыць Радзім Гарэцкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За званьне плацяць 400 рублёў». Акадэміку Радзіму Гарэцкаму — 90Акадэмік Радзім Гарэцкі павіншаваў журналістаў і чытачоў сайту Радыё Свабода з Днём Волі, які лічыць адным з найважнейшых сьвятаў Беларусі.
«Напярэдадні мы зь сябрамі былога аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годьдзя БНР падпісалі зварот да адміністрацыі Лукашэнкі, у якім нагадалі пра абяцаньне гарадзкіх уладаў, дагэтуль ня выкананае: усталяваць памятную дошку ў гонар БНР на вуліцы Валадарскага ды перайменаваць гэтую вуліцу. За гэта трэба далей змагацца», — лічыць акадэмік Радзім Гарэцкі.