У 71-гадовага прынца Ўэльскага Чарльза тэст на новы каранавірус даў станоўчы вынік, паведамляе 25 сакавіка выданьне Sky News са спасылкай на заяву рэзыдэнцыі каралеўскай сям’і Вялікай Брытаніі.
Цяпер прынц мае «нязначныя сымптомы», але ў астатнім застаецца ў «добрым здароўі». Ён знаходзіцца на самаізаляцыі ў Шатляндыі з жонкай — прынцэсай Камілай, герцагіняй Корнуальскай. Тэсты Камілы далі адмоўны вынік, таму пара трымаецца паасобку.
«Немагчыма вызначыць, ад каго прынц злавіў вірус з прычыны вялікай колькасьці абавязкаў, якія ён выконваў у сваёй грамадзкай ролі цягам апошніх тыдняў», — адзначаецца ў заяве.
Апошняе публічнае мерапрыемства, якое наведваў прынц, было 12 сакавіка — дабрачынны прыём у дапамогу аўстралійскім пажарным. Да таго ён наведваў цырымонію ў Букінгемскім палацы, але там вітаў наведнікаў дыстанцыйна.
Ці бралі аналіз на COVID-19 у ягонай маці, 93-гадовай каралевы Вялікай Брытаніі Лізаветы ІІ, не паведамляецца.
Вялікая Брытанія цяпер на 10-м месцы ў сьвеце ў колькасьці выяўленых выпадкаў COVID-19 і на 8-м у колькасьці «актыўных выпадкаў». Новы каранавірус там выявілі ў 8077 чалавек, 422 памерлі, 135 выпісаныя здаровымі, 20 застаюцца ў крытычным стане.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірусам заразіўся першы кіраўнік дзяржавы — князь Манака Альбэрт ІІ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Лукашэнка не карыстаецца ні маскай, ні рэсьпіратарам — прэс-сакратарка кіраўніка краіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін наведаў «каранавірусную» лякарню ў ярка-жоўтым ахоўным касьцюме. ФАТАФАКТКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.