У лісьце Міністэрства аховы здароўя Беларусі пра перасячэньне мяжы Беларусі зьявілася паведамленьне аб зьменах у сьпісе краінаў зь «неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй» у сувязі з пандэміяй новага каранавірусу.
З прычыны распаўсюду COVID-19 на мэдыцынскае назіраньне цягам 14 дзён ставяць тых, хто наведваў:
- Італію;
- Іран;
- Паўднёвую Карэю;
- Францыю;
- Нямеччыну;
- Гішпанію;
- Польшчу;
- Чэхію.
Дзьвюх апошніх краінаў раней не было ў сьпісе.
Якіх краінаў няма ў сьпісе
Сярод краінаў, якія «дадалі ў сьпіс», няма Кітаю, зь якога пачалася пандэмія COVID-19. Поўны сьпіс не публікаваўся на сайце Мінздароўя. Пры тым пра абавязковае назіраньне цягам 14 дзён за тымі, хто прыбывае з Кітаю, казалі ў пачатку лютага — ці вядзецца яно цяпер, не паведамляецца.
У Кітаі зь сярэдзіны лютага спадае колькасьць «актыўных выпадкаў» хваробы: больш людзей папраўляюцца, чым захворваюць. Цяпер там выявілі больш за 81 тысячу выпадкаў, памерлі 3285 чалавек, выпісалі здаровымі больш за 73,5 тысячы. Ды ў сьпісе засталася Паўднёвая Карэя, дзе колькасьць «актыўных выпадкаў» спадае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія COVID-19: траціна насельніцтва Зямлі ва ўмовах карантынуТаксама ў сьпіс ня трапілі Злучаныя Штаты, якія выйшлі на трэцяе пасьля Кітаю і Італіі месца ў агульнай колькасьці выпадкаў, другое пасьля Італіі ў «актыўных выпадках». Ды ў ЗША, як і ў Кітаі і Нямеччыне, даволі мала выпадкаў на душу насельніцтва — каля 2 на мільён чалавек (у Італіі — 113 на мільён).
У сьпісе няма і Швайцарыі (8-е месца паводле агульнай колькасьці выпадкаў, 7-е «актыўных выпадкаў»), дзе фіксуюць каля 16 выпадкаў на мільён чалавек, і Аўстрыі зь Нідэрляндамі, дзе «актыўных выпадкаў» застаецца больш, чым у Паўднёвай Карэі.
Няма ў сьпісе і Сан-Марына — мікрадзяржавы, з усіх бакоў акружанай Італіяй, дзе найбольш у сьвеце выпадкаў на душу насельніцтва. Выпадкаў там зафіксавалі толькі 187, але пры насельніцтве ў 33 тысячы чалавек гэта дае надзвычай высокі адсотак інфікаваных.
У астатнія краіны можна?
Беларусь не закрывала межы, у адрозьненьне ад усіх суседніх краінаў. Але шмат якія краіны закрылі межы для беларусаў і астатніхіншаземцаў.
Пры вяртаньні ў Беларусь нават у краінаў, што ня трапілі ў сьпіс «неспыяльных», вандроўнікам мераюць тэмпэратуру, распытваюць пра скаргі на здароўе. Усім, незалежна ад краіны, загадваюць выконваць рэжым самаізаляцыі цягам 14 дзён (выключэньне — кіроўцам, якія возяць грузы транзытам празь Беларусь).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адкрыла мяжу для транзыту грамадзян Беларусі і іншых краінаў СНДКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.