Амбасада Польшчы ў Маскве зьняпраўдзіла паведамленьні шэрагу расейскіх СМІ і камэнтары некаторых палітыкаў аб тым, што ўлады Польшчы нібыта не далі згоды на пралёт расейскіх вайсковых самалётаў з гуманітарнай дапамогай для Італіі.
«Расейскі бок не зьвяртаўся да польскага боку з просьбай атрымаць згоду на ажыцьцяўленьне палёту расейскіх вайсковых самалётаў над тэрыторыяй Польшчы. Таму ўсю інфармацыю, якая зьяўляецца ў расейскіх СМІ, пра тое, што нібыта польскія ўлады спрабавалі перашкодзіць дастаўцы расейскай гуманітарнай дапамогі ў Італію, трэба лічыць дэзынфармацыйных дзеяньнямі», — гаворыцца ў камюніке пасольства Польшчы ў Маскве, якое атрымала Радыё Свабода.
Польская амбасада заклікала расейскія СМІ «больш уважліва правяраць крыніцы інфармацыі на тэму барацьбы з каранавірусам у Эўропе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыпляматы ЭЗ: Расея распаўсюджвае фэйкі пра каранавірус на некалькіх мовах краінаў ЭЗНапярэдадні ў Італію па дамоўленасьці з уладамі гэтай краіны прыбылі некалькі расейскіх вайсковых самалётаў з вайсковымі мэдыкамі – спэцыялістамі ў барацьбе з эпідэміямі, а таксама тэхнікай для дэзынфэкцыі. Расея, такім чынам, стала адной з краінаў, якія дапамагаюць Італіі змагацца з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі. Сярод іншых краін, якія дапамагаюць Італіі — Кітай, Куба, Нямеччына і Францыя.
Пасьля прыбыцьця самалётаў у Італію ў шэрагу пракрамлёўскім СМІ, блогах і тэлеграм-каналах зьявіліся паведамленьні пра тое, што Польшча не прапусьціла іх праз сваю паветраную прастору. Пра гэта пісала, напрыклад, «Комсомольская правда». Яна ж прывяла твіт чальца Савету Фэдэрацыі Аляксея Пушкова:
«Польшча не прапусьціла расейскіх самалётаў з дапамогай для Італіі праз сваю паветраную прастору. Гэта подласьць на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі. Тым больш што дапамога ішла ў краіну – саюзьніцу Польшчы па ЭЗ і NATO. Расеі ні ў чым ня варта з гэтага часу ісьці насустрач Польшчы. Ні ў чым».
Увечары 24 сакавіка ў твітэры Пушкова твіту з такім тэкстам не было.
Расейскія і польскія афіцыйныя асобы ў пачатку году абмяняліся шэрагам рэзкіх заяваў — пасьля таго як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абрынуўся на Польшчу з крытыкай у сувязі зь яе трактоўкай падзей, якія прывялі да пачатку Другой сусьветнай вайны, у тым ліку асуджэньнем пакту Молатава-Рыбэнтропа.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.