У Беларусі грамадзкія дзеячы, у тым ліку апазыцыйныя палітыкі, студэнты, лекары заклікаюць улады ўвесьці карантын ад каранавірусу, на што Аляксандар Лукашэнка і міністэрства здароўя нязьменна адказваюць адмовай, заяўляюць, што падставаў для гэтага няма.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Ва Ўкраіне такі карантын дзейнічае з 12 сакавіка, калі закрылі ўсе адукацыйныя ўстановы і дзіцячыя садкі, а таксама гандлёвыя і забаўляльныя цэнтры.
Цяпер улады Ўкраіны ўводзяць больш жорсткія карантынныя ўмовы. Карэспадэнтка Свабоды ў Кіеве вывучыла, што найперш абмежавалі і як дзейнічае карантын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 81. Мінздароўя агучыла новыя лічбы інфікаваных каранавірусам і заклікала да «сацыяльнага дыстанцыяваньня»
Надзвычайную сытуацыю ўвялі ў шасьці рэгіёнах
На сёньня ўжо ў шасьці рэгіёнах Украіны абвешчана надзвычайная сытуацыя. Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны настойвае на ўвядзеньні надзвычайнага становішча ўва ўсёй краіне. Паводле заканадаўства, такое рашэньне можа ухваліць Вярхоўная Рада з ініцыятывы прэзыдэнта.
Ва Ўкраіне за апошнія 24 гадзіны зарэгістравалі 26 новых выпадкаў інфікаваньня вірусам COVID-19. З 73 лябараторна пацьверджаньных выпадкаў найбольш у Кіеве і Чарнавіцкай вобласьці — 29 і 25 адпаведна. Тры чалавекі памерлі ад каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя Беларусі далучылася да ўсясьветнага флэшмобу «Заставайцеся дома»
Грамадзкі транспарт толькі для супрацоўнікаў тэрміновых службаў
У Кіеве ад сёньня грамадзкім транспартам могуць карыстацца толькі супрацоўнікі прадпрыемстваў крытычнай інфраструктуры, лекары, супрацоўнікі праваахоўных органаў і службы надзвычайных сытуацыяў. За выходныя дні кіеўскія ўлады аформілі больш як 200 тысяч адмысловых пропускаў на больш як трохмільённую сталіцу.
Кіраўнік Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітрый Разумкоў распарадзіўся перадаць з парлямэнцкага аўтапарку некалькі аўтамабіляў на патрэбы двух найбольшых у Кіеве лякарняў — Аляксандраўскай і Кіеўскай дзіцячай інфэкцыйнай.
Абмежаваньні ў крамах і аптэках
Улады абавязалі ўсе крамы і аптэкі абмежаваць колькасьць наведнікаў. Цяпер там можа знаходзіцца адзін пакупнік на 10 квадратных мэтраў гандлёвай плошчы.
Дзіцячыя пляцоўкі ў Кіеве — пустыя. Імі забаронена карыстацца.
Дарогі, масты і транспарт дэзынфікуюцца
Мэр Кіева Віталь Клічко заявіў, што гарадзкія камунальныя службы ўзмацнілі санітарную апрацоўку дарог, мастоў і грамадзкага транспарту антысэптычнымі мыйнымі сродкамі.
«Вуліцы мыюць з распыляльнікаў. „Київавтодор“ залучыў 98 такіх аўтамабіляў. У патрэбе мы павялічым колькасць тэхнікі. Яны таксама апрацоўваюць прыпынкі грамадзкага транспарту, падземныя і наземныя пераходы», — заявіў Віталь Клічко.
Банкі абмежавалі продаж валюты
Зьмяніла працу і ўкраінская банкаўская сыстэма. Банкі ўвялі дадатковую санітарную гадзіну і абмежавалі продаж валюты — яе рэкамэндуюць набываць онлайн. Некаторыя банкаўскія ўстановы перайшлі на абслугоўваньне з папярэднім запісам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З кожнай пэнсіі купляю па 50 даляраў, адкладаю на сьмерць». У абменьніках чэргі і праблемы з валютай
Інфармацыйная кампанія
Прадстаўнікі розных узроўняў улады — цэнтральныя і мясцовыя — усімі магчымымі сродкамі інфармуюць людзей аб неабходнасьці выконваць карантынныя ўмовы, ствараюцца асобныя каналы ў Telegram і Viber. Выконваць правілы карантыну заклікаюць ў шматлікіх флэш-мобах у сацыяльных сетках.
Урад тэрмінова дамаўляецца з Кітаем аб куплі тэставых сыстэмаў і індывідуальных сродкаў абароны — імі абяцаюць забясьпечыць усе вобласьці цягам тыдня. Адначасова прэм’ер-міністар Дзяніс Шмыгаль ініцыяваў стварэньне стратэгічнай рады, каб распрацаваць крокі для выхаду эканомікі з крызісу. У сувязі з пашырэньнем каранавірусу прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі штодзень праводзіць па 1-2 сустрэчы. І кожны дзень запісвае відэазвароты да ўкраінцаў, у якіх тлумачыць дзеяньні ўлады і заклікае ўсіх быць сьвядомымі і заставаццадома.
Свой унёсак зрабіла і першая ледзі Алена Зяленская. Яна разам зь іншымі вядомымі ва Ўкраіне мамамі падзялілася парадамі, як уратаваць дзяцей ад каранавірусу і зрабіць іх сядзеньне дома цікавейшым.
Міністэрства аховы здароўя заклікала студэнтаў апошніх курсаў мэдычных установаў дапамагчы мэдыкам у барацьбе з каранавірусам.
Тэлеканалы на частковым карантыне
На ўкраінскіх тэлеканалах, аснову праграмы якіх складалі ток-шоў, таксама ўведзеныя абмежаваньні. Найперш — аўтары праграмаў адмовіліся запрашаць у студыю аўдыторыю, а экспэрты ўдзельнічаюць у праграмах праз Skype.
Адказнасьць за парушэньні карантыну
За апошнія тры дні праваахоўнікі склалі амаль паўтары тысячы пратаколаў аб парушэньні правілаў карантыну і завялі 9 крымінальных справаў аб фактах вывазу індывідуальных сродкаў абароны за межы Ўкраіны. Спэцыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура расьсьледуе справу аб нядбайнасьці былога кіраўніка ўраду Аляксея Ганчарука, які ў студзені праігнараваў зварот Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб тэрміновай забароне продажу мэдычнай прадукцыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ