Актывісты партыі Пазьняка гатовыя за свой кошт утылізаваць магілёўскі помнік Леніну 

Помнік Леніну ў Магілёве

Адказны сакратар управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі паведаміў Свабодзе, што ён разам зь сябрамі гатовы ўзяцца за ўтылізацыю помніку Леніну ў Магілёве.

У сеціве зьбіраюць подпісы супраць рамонту помніка Леніну ў Магілёве, на які заплянавана выдаткаваць 160 тысяч рублёў з гарадзкога бюджэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўскія камунальнікі пра помнік Леніну: зьнесьці даражэй, чым рамантаваць за 160 тысяч рублёў

Паводле генэральнага дырэктара ўпраўленьня камунальных прадпрыемстваў Міхаіла Галушкова, зьнесьці помнік каштавала б яшчэ даражэй, чым яго рамантаваць. Як тлумачаць камунальнікі, найбольшая частка выдаткаў — гранітныя пліты. Яны і самі па сабе дорага каштуюць, і працаваць зь імі трэба будзе ўручную, без усялякіх грузапад’ёмных мэханізмаў.

Завершыць рамонт помніка Леніну на аднайменнай плошчы ў Магілёве маюць намер да 20 красавіка. Да пачатку красавіка арганізатары закупкі зьбіраюць прапановы ад падраднікаў.

Алесь Чахольскі


«Я і мае сябры гатовыя ўзяць справу ў свае рукі. У нас ёсьць і тэхніка, і ўсё неабходнае для ўтылізацыі. Мы можам ўтылізаваць гэты помнік, калі будзе згода гарадзкіх уладаў. Усё гэта зробім самі, для гораду нічога ня будзе каштаваць», сказаў Свабодзе адказны сакратар управы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднавіў Крыж Пакуты, усталяваў сотні крыжоў. 10 фактаў пра Алеся Чахольскага

Менавіта зь ягонай ініцыятывы і дзякуючы ягоным намаганьням ў 2007 годзе быў адноўлены зламаны вандаламі Крыж Пакуты, у той жа час таксама была адноўленая Лава Клінтана пасьля чарговага акту вандалізму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек з арматурай рэгулярна прыходзіць у Курапаты». Што цяпер з лавай Клінтана, якую разбурылі год таму?

Алесь Чахольскі паведаміў, што нядаўна яго дапыталі ў сьледчым камітэце Менскага раёну, і быў дапытаны ў адноўленай справе аб вандалізме ў дачыненьні да памятнага знаку ад народу ЗША, так званай Лавы Клінтана і памятнага знаку, які ўсталявалі ў Курапатах улады.