Новыя рэкорды падзеньня беларускай валюты: 2,6 рубля за даляр, 2,8 за эўра 

Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы зафіксаваныя чарговыя гістарычныя максымумы.

Зь мінулай пятніцы даляр умацаваўся на 8 капеек і дасягнуў адзнакі 2,6396 рубля. Гэта найбольшы паказьнік за ўвесь час існаваньня беларускай грашовай адзінкі.

Эўра дадаў 6 капеек і цяпер прадаецца па 2,8300 рубля. Гэта таксама абсалютны рэкорд.

Аслабеў адносна беларускай валюты толькі расейскі рубель — да 3,2698 за 100 адзінак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыянальны банк параіў банкам узважана вызначаць розьніцу паміж курсамі куплі і продажу валюты

Цяпер у абменных пунктах банкі купляюць даляр, пачынаючы ад 2,65-2,7 рубля, і прадаюць за 2,7-2,8. Эўра набываюць і прадаюць па цане каля 3 рублёў. У многіх выпадках замежнай валюты не хапае і па такім курсе.