Ці законна ізалююць на 14 дзён так званыя «кантакты першага ўзроўню» — людзей, якія мелі зносіны з асобай, у якой выяўлены COVID-19? Ці можа чалавек адмовіцца добраахвотна сысьці ў карантын? Ці можа грамадзянін патрабаваць, каб яму зрабілі тэст на каранавірус, калі лекары адмаўляюць — маўляў, «няма падставаў»? Тлумачыць юрыст Сяргей Зікрацкі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Дактары маюць права адмовіць у тэсьце на каранавірус
Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўнесла каранавірус у пералік захворваньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва. Пастанова міністэрства ўступіла ў сілу 6 сакавіка 2020 году.
Да таго ж ёсьць зацьверджаныя міністэрствам пратаколы выяўленьня і лячэньня каранавірусу, кажа юрыст. І там дакладна апісаныя падставы, на якіх мэдыкі абавязаныя ўзяць мазкі на каранавірус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 69. У Беларусі 12 інфікаваных COVID-19 з сымптомамі, яшчэ 42 без сымптомаў, 15 выпісалі«Да прыкладу, у звычайнай сытуацыі па выяўленьні іншай хваробы і лячэньні доктар вядзе пацыента адпаведна пратаколу і кажа, якія дасьледаваньні ён мусіць прайсьці. Калі пацыент настойвае, што хоча зрабіць штосьці звыш прызначанага, ён можа пайсьці ў платны, камэрцыйны мэдычны цэнтар і зрабіць, да прыкладу, МРТ. Гэта права пацыента.
У выпадку каранавірусу ў пратаколе Міністэрства здароўя апісаныя мэханізмы, выпадкі, у якіх доктар мусіць прызначыць тэст. Калі таго канкрэтнага выпадку няма ў пратаколе, чалавек ня можа патрабаваць, каб яму зрабілі тэст», — тлумачыць юрыст Сяргей Зікрацкі.
Але ў камэрцыйных мэдычных цэнтрах тэстаў на каранавірус проста няма. Чаму чалавек ня мае магчымасьці перастрахавацца і зрабіць платны тэст, чаму дзяржава не дазваляе самастойна здаць тэсты за ўласныя грошы, каб чалавек супакоіўся?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Муж памерлай віцяблянкі пацьвердзіў, што ў яго ўзялі аналіз на каранавірус«Бо дзяржава, ацэньваючы эпідэміялягічную сытуацыю, сама разумее, што няма сэнсу траціць гэтыя тэсты проста так, бо народ пачне плаціць за іх шалёныя грошы і выкупіць усе рэактывы, а дзяржаве не застанецца тэстаў на тыя выпадкі, калі тэсты насамрэч патрэбныя. Я ня бачу ніякіх парушэньняў з пункту гледжаньня правоў грамадзяніна, бо ёсьць пратакол Міністэрства здароўя.
Дзяржава не дазваляе самастойна здаць тэсты ў сытуацыі, калі колькасьць тэстаў абмежаваная», — тлумачыць юрыст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вам пашанцавала, што ўвогуле ўзялі мазок». Як я чатыры дні дабівалася мэдычнага назіраньня
«Тое, што сёньня робяць мэдыкі, заснавана на сьвядомасьці і сацыяльнай адказнасьці грамадзян»
Ці мае права брыгада мэдыкаў, якая прыехала, каб ізаляваць кантакты першага ўзроўню, забраць чалавека ў шпіталь на карантын прымусова?
Паводле Сяргея Зікрацкага, нават унясеньне каранавірусу ў сьпіс небясьпечных захворваньняў не дае мэдычным службам паўнамоцтваў прымусова ізаляваць асобаў першага кантакту з хворым.
Юрыст спасылаецца на частку 4 артыкулу 28 Закону аб ахове здароўя Рэспублікі Беларусі і артыкул 19 Закону аб папярэджаньні распаўсюджваньня небясьпечных захворваньняў і ВІЧ, згодна зь якімі, калі грамадзянін ухіляецца ад абавязковага мэдычнага агляду, яго могуць прымусова забраць у шпіталь па заключэньні лекарска-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя і з санкцыі пракурора.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Настаўнікам сказалі маўчаць». У менскай школе часткова адмянілі заняткі. Вінаваты каранавірус?«Аднак тое, што сёньня робяць мэдычныя службы, заснавана ў першую чаргу на сьвядомасьці і сацыяльнай адказнасьці нашых грамадзян. Мы ж ня ведаем, прымусова забіраюць ці не — магчыма, людзі самі пагаджаюцца, усьведамляючы небясьпечнасьць хваробы і маючы сацыяльную адказнасьць. Мне невядомыя факты прымусу.
Вядома, калі грамадзяне будуць адмаўляцца ад шпіталізацыі, адмаўляцца ад таго, што яны на 14 дзён застануцца ва ўмоўным карантыне, ва ўмоўнай самаізаляцыі — дзяржава вымушана будзе ўвесьці сапраўдны карантын», — кажа Сяргей Зікрацкі.
Але ўвядзеньне сапраўднага карантыну, на думку юрыста, у першую чаргу нэгатыўна адаб’ецца на эканоміцы. «Таму на сёньня дзяржава правільна робіць, што карантын ня ўводзіць і дае магчымасьць працаваць людзям, каб у нас ня здарыўся маштабны крызыс. І спадзяецца на тое, што грамадзяне, якія былі кантактамі першага ўзроўню, усё ж такі праявяць сьвядомасьць і будуць ізалявацца, у тым ліку і пад кантролем мэдычных службаў. Паколькі ёсьць такая магчымасьць і гэта прадугледжана пратаколамі Міністэрства аховы здароўя», — перакананы юрыст Сяргей Зікрацкі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ