58-гадовая віцяблянка Тацьцяна Хузеева памерла 18 сакавіка. Міністэрства здароўя абвяргае інфармацыю пра тое, што прычынай сьмерці стаў каранавірус.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Навіна пра першую імаверную сьмерць ад каранавірусу ў Беларусі зьявілася ў пятніцу 20 сакавіка. Пра гэта напісалі адразу некалькі СМІ. Паводле публікацыяў, сваякі памерлай думаюць, што прычынай сьмерці Тацьцяны Хузеевай стаў каранавірус, і ўлады не дазволілі пахаваць жанчыну ў адкрытай труне.
Як расказаў Свабодзе муж памерлай, гэта не зусім так.
«Што вы ад мяне хочаце, што я новага вам скажу? — кажа Сяргей. — Я завёз жонку ў лякарню, праз тры дні яна памерла. Назаўсёды адвёз. Я ня ведаю, што там было. Каранавірус гэта ці не. Адкуль мне ведаць? Дактары ведаюць. Адкуль у яе можа быць каранавірус, мы тут усе сядзім у Віцебску. Скуль вы ўсе ўзялі гэта?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 69. У Беларусі 12 інфікаваных COVID-19 з сымптомамі, яшчэ 42 без сымптомаў, 15 выпісаліСяргей Хузееў пацьвердзіў, што ў яго і іншых родных памерлай жанчыны мэдыкі ўзялі аналіз на COVID-19. Прычынаў гэтага мужчына ня ведае.
«У нас узялі аналізы пасьля сьмерці Тацьцяны, — пацьвярджае Сяргей. — Чаму яны гэта зрабілі, я ня ведаю. Ці страхуюцца, ці яшчэ што. Адкуль я ведаю, навошта яны гэта зрабілі».
Інфармацыю пра тое, што Тацьцяну Хузееву хавалі ў закрытай труне, муж памерлай жанчыны зьняпраўдзіў. Зь яго словаў, разьвітаньне прайшло раніцай 20 сакавіка і было звычайным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апазыцыйныя дзеячы заклікалі да «народнага карантыну», абвінавацілі ўлады ў ігнараваньні пагрозы«Тацьцяну мы сёньня пахавалі, — гаворыць муж памерлай. — Паехалі, пахавалі. Труна адкрытая была, усё як трэба. Разьвіталіся. Што я вам яшчэ магу сказаць? Усе пытаньні да мэдыкаў цяпер».
Міністэрства здароўя ўжо афіцыйна зьняпраўдзіла паведамленьні пра каранавірус як магчымую прычыну сьмерці віцяблянкі.
«Дыягназаў у яе шмат, але гэтага [каранавірусу] няма», — цытуе «Наша Ніва» прэс-сакратарку Міністэрства аховы здароўя Юлію Барадун.
Міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік у камэнтары Onliner абверг інфармацыю аб тым, што ў жанчыны выявілі новы каранавірус. Паводле Караніка, такая інфармацыя паступала ўжо зь некалькіх рэгіёнаў, але гэта толькі чуткі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ