Сьмяротнасьць ад каранавіруснай інфэкцыі ў Італіі працягвае расьці. За папярэднія суткі 793 чалавекі загінулі ад COVID-19. Усяго ў краіне ад новага каранавірусу памерла 4825 чалавек — больш чым у якой іншай краіне. Выпускніца Падуанскага ўнівэрсытэту, экскурсавод і бібліятэкар Ганна Гардаш, якая зь сям’ёй жыве пад Падуяй, расказвае, як за апошнія дні зьмянілася стаўленьне італьянцаў да пандэміі каранавіруса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За апошнія 24 гадзіны ў Італіі амаль 800 загінулых ад COVID-19— Што адбываецца ў мястэчку Карэцоля (Correzzola), дзе вы жывяце?
— У нас карантын, усе сядзяць па хатах. Бібліятэка каля Вэнэцыі, дзе я працую, зачыненая на карантын. Таму я з сынам сяджу дома, а мой муж езьдзіць на працу.
— Ці захварэў нехта з вашых блізкі і знаёмых на каранавірус?
— Пакуль, дзякуй Богу, не. Але ў знаёмых маіх знаёмых такія людзі ўжо ёсьць. Мы, вядома, сочым за сытуацыяй, перажываем, чытаем навіны. Але ў апошнія дні яны такія трагічныя, што я інстынктыўна стараюся ад іх дыстанцыявацца і чытаць менш. Вядома, перажываю за мужа, які вымушаны езьдзіць на працу.
— Цяпер у сьвеце шмат хто задаецца пытаньнем, чаму ў Італіі такая вялікая колькасьць ахвяраў. Кітайскія лекары крытыкуюць невыкананьне італьянцамі рэжыму карантыну і мяккасьць гэтага карантыну. Пішуць, што ў гатэлях адбываюцца вечарынкі, людзі ня носяць маскі, займаюцца спортам.
— Так, гэта праўда. У першы тыдзень карантыну людзі паставіліся да яго несур’ёзна. У першыя выхадныя пасьля яго ўвядзеньня шмат хто забраніраваў сабе гатэлі ў гарах, многія гулялі па набярэжных, займаліся спортам. У прынцыпе, і сёньня працягваюць гэта рабіць, але ўжо менш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму столькі італьянцаў паміраюць ад каранавірусу і якія тут урокі для іншых— Няўжо і сёньня на поўначы Італіі некаторыя людзі дазваляюць сабе ігнараваць карантын?
— Я адкажу так. Усе мае суседзі сядзяць па дамах, гэта я бачу са свайго акна. Усе, за выключэньнем тых, хто павінен езьдзіць на працу. Але наш гарадок невялікі, тут жыве 5 тысяч чалавек. Мае сябры ў большых гарадах таксама сядзяць па хатах. Але яны пішуць, што ўсё роўна знаходзіцца шмат тых, хто выходзіць на шпацыр або на прабежку, людзі езьдзяць на роварах. Таму ад 20 сакавіка, зачынілі дарожкі для бегу ўздоўж каналу, каб людзі ня бегалі, бо яны гэта да забароны спакойна рабілі. Таксама ад гэтага дня зачыненыя грамадзкія паркі, дзе людзі займаліся спортам.
— Ці можна на поўначы Італіі зьяўляцца ў грамадзкіх месцах бяз масак?
— Так, можна. І гэта таму, што іх нельга нідзе знайсьці, іх няма ў аптэках.
— У Чэхіі, адкуль я вам званю, ад 19 сакавіка забаронена зьяўляцца на вуліцах бяз масак. Іх тут таксама катастрафічна не хапае, таму людзі іх шыюць самі.
— Не, у нас такой забароны няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі прафэсар астрафізыкі ў італьянскай Пэскары пра тое, як эпідэмія мяняе пляны навукоўцаў— Ці задумваюцца італьянцы пра неэфэктыўнасьць ураду, пра яго запозьненую рэакцыю і пра яго магчымую зьмену?
— Мне здаецца, што ўрад дзейнічаў даволі своечасова. А вось людзі спачатку недаацэньвалі пагрозу.
— А ці ёсьць у Італіі сёння развагі пра магчымыя зьмены ў жыцьці краіны і чалавецтва, якія прынясе з сабой пандэмія?
— Пакуль што вельмі мала. Усе канцэнтруюцца на трагічнай сытуацыі, якая тут, на поўначы, склалася.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ