11 тысяч беларусаў выехалі з краіны за 3 апошнія дні.Такую інфармацыю распаўсюдзіў МЗС са спасылкай на Дзяржаўны памежны камітэт. Міністэрства нагадала пра рэкамэндацыі ўстрымлівацца ад замежных паездак, у тым ліку — «у сувязі зь відавочнымі цяжкасьцямі вяртаньня на радзіму».
«Грамадзяне, якія зьдзяйсьняюць падобныя крокі, мусяць усьведамляць, што робяць гэта на свой страх і рызыку», — гаворыцца ў паведамленьні.
МЗС нагадаў, што за апошні час паспрыяў вяртаньню ў Беларусь 2500 грамадзян, якія апынуліся ў складаных сытуацыях за мяжой. Яшчэ паўтары тысячы беларусаў могуць запатрабаваць такой дапамогі ў бліжэйшы час.
Найбольш складаная праблема вяртаньня беларускіх грамадзян з Гоа і Шры-Ланкі.
Грамадзяне Беларусі масава скардзяцца на немагчымасьць вярнуцца ў краіну праз пандэмію каранавірусу. Шмат якія дзяржавы ўвялі карантын, закрылі межы, абмежавалі хаджэньне грамадзкага транспарту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіШто трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ