Злосьць, крыўда, апатыя. Што адчуваюць жыхары найбяднейшага раёну Гомельшчыны

Кармянскі раён займае апошнія радкі ў статыстыцы дабрабыту. Ён найбяднейшы ў Гомельскай вобласьці. Другі паводле беднасьці ў краіне. «Гэта дно», «пэрспэктываў няма», «лепш ня будзе». — так кажуць пра сваю малую радзіму тутэйшыя.

Сьцісла пра Кармянскі раён

  • У Кармянскім раёне летась зараблялі ў сярэднім 711 рублёў і 1 капейку. За студзень сярэдні заробак — 704 рублі.
  • У параўнаньні зь іншымі «беднымі» раёнамі тут нізкая сьмяротнасьць і нізкі ўзровень беспрацоўя — 0,4%, ці 21 чалавек.
  • Чысты прыбытак усіх арганізацыяў раёну за год — 2 мільёны рублёў, у раёне 8,3% стратных арганізацыяў, інвэстыцыяў летась не было зусім. Не было іх і сёлета.

«Вочы ў людзей — як у рыбы аглушанай»

Каля дарогі — разбураныя спаруды, упрыгожаныя «сонейкам» з плястыкавых бутэлек. Раней тут сушылі зерне. Цяпер калгас пабудаваў новую сушылку. Гэтая засталася як помнік. Ці здань.

Пакручастай пяшчанай дарогай трапляем у вёску Праўда. На раскладзе аўтакрамы пазначана: «Населены пункт Праўда».

Насяляе Праўду апошняя яе жыхарка Галіна Капачова. Жанчына жыве тут адна, трымае коз, курэй, індыкоў, качак, сабак і парсючка.

«Ох, вялікая раней была вёска. Пасьля радыяцыі адсялілі людзей, хто хацеў, у Струкачоў і Лужок. Мае бацькі не адсяліліся. Цяпер шкадую. Атрымалі б іншае жытло», — кажа вяскоўка.

У Праўдзе яна жыве шэсьць апошніх гадоў. Раней працавала ў Рагачове, прадпрыемства збанкрутавала, перабралася сюды, разьвяла гаспадарку.

«Мне ня сумна — працы хапае. Я пайшла б і ў калгас — ды няма тут побач ніякай працы. Фэрма была — ды яе закапалі. Працы няма ніякай, нікому. Людзі хто п’е, а хто закадаваныя. Прыйдзеш у суседнюю вёску ў краму, дык і няма з кім пагаварыць — вочы ў людзей як у аглушанай рыбы», — дзівіцца Галіна.

У Рагачове застаўся яе муж. Ён, хоць і пэнсіянэр, яшчэ працуе. Сям’я мае на дваіх 600 рублёў.

«Куры, качкі, парсючок — жывём з гаспадаркі. Канцы з канцамі неяк зводзім», — канстатуе вяскоўка.

На яе курэй палююць каршуны. Галіна «адбіваецца» ад іх плястыкавымі бутэлькамі, якія разьвесіла на дрэвах.

Галіна кажа, што наўрад ці застанецца тут надалей жыць.

«Ня буду сядзець тут адна. Каб хто яшчэ прыдушыў тут, мала што ў каго ў галаве», — баіцца вяскоўка.

«Заробак: бутэлька гарэлкі, шакалядка, пачак цыгарэт і маянэз»

Ля крамы ў вёсцы Струкачоў размаўляем з Васілём. Ён працуе жывёлаводам. Апавядае, як пад Новы год далі «працэнты ад заробку». Вясковец за тыя грошы набыў на сьвята бутэльку гарэлкі, пачак цыгарэт, шакалядку і пачак маянэзу.

«Усё! Цяпер я маю недзе каля 270 рублёў „чыстымі“ на рукі. Во цяпер узяў у краме „Ролтан“ сабе, на большае не хапае», — кажа Васіль. Нашу размову ўважліва слухае пэнсіянэрка. Яна прапаноўвае Васілю рашэньне праблемы.

— Вася, дык чаго ты курэй не завядзеш, калі няма чаго есьці?

— А чым я іх карміць буду?

— Збожжа накрадзеш, ты ж на фэрме працуеш!

— Як я яго накраду? У кішэню сабе насыплю? Зловяць ды пасадзяць!

— Нічога цябе не пасадзяць, не выдумляй. Усе ўсё крадуць, толькі ты ня можаш!

У струкачоўскай краме кажуць, што людзі бяруць у асноўным хлеб, батон, малако, крупы.

«А на віно ёсьць попыт?», — цікавімся мы. «Ды няма людзям за што піць! Напавер мы не даём, толькі самым правераным», — кажа прадавец.

Адзінае месца, дзе ў Струкачове ёсьць гарантаваная, стабільная праца, — школа. Тут вучацца 35 дзяцей. Столькі ж людзей мае працу — настаўнікі, тэхнічны пэрсанал. Людзі з жахам думаюць, што школу праз малую колькасьць дзяцей могуць закрыць. «Як толькі закрыюць школу — можна і вёску закопваць», — кажуць вяскоўцы.

Дырэктар школы запэўнівае нас, што школу не закрыюць, бо тут нядаўна зрабілі рамонт, паставілі плястыкавыя вокны.

Побач са школай некалі быў клюб. Цяпер у гэтым будынку засталася толькі бібліятэка.

Працаздольныя жыхары Струкачова ўладкоўваюцца на фэрму ў суседнюю Норкаўшчыну. Там працуюць 48 чалавек.

«Вакансіяў у нас няма», — кажа загадчыца фэрмы.

Дарога паміж вёскамі — поўныя гразі каляіны. Ля такой дарогі «арганічна» глядзяцца нахіленыя да зямлі хаты. Такое адчуваньне, што іх гаспадары проста некуды зьбеглі.


«Заробак звычайны — пражытковы мінімум»

Мікалай Грыцкевіч працуе мэханізатарам, жыве ў вёсцы Лужок. Ён якраз ідзе на працу. Сорак гадоў ужо ходзіць.

«Заробак мой звычайны — пражытковы мінімум, недзе 300 рублёў. Ну а што рабіць, калі няма ў нашым калгасе больш грошай? Пасяўная-ўборачная — тады мо будзе больш грошай. Раней, натуральна, было лепш. Выжывае той, хто гаспадарку трымае. Лепш ужо ня будзе, толькі горш», — апатычна кажа Мікалай.

300 — нейкая зачараваная лічба для гэтага краю. Тут ня толькі заробкі такія, але і пэнсіі.

«Можа, я меў бы большую пэнсію. Але працаваў 12 гадоў ва Ўзбэкістане, а дакумэнты згубіліся. Таму пэнсія невялікая. Зімой недзе 180 рублёў трэба аддаць за адзін толькі прычэп дроваў. Так і жывём. Каб было што дзе скрасьці... Дык ужо ўсё раскрадзена», — жартуе Леанід Кірэенка.

Мужчына кажа, што моладзь, як скончыць школу, бяжыць адсюль хто куды.

«Бо для моладзі тут пэрспэктывы ніякай няма. Неяк нявесела ў нас. Во колькі з вамі стаім на вуліцы — хоць бы які чалавек прайшоў», — заўважае пэнсіянэр.

Ён лічыць, што сытуацыя магла б быць іншай, калі б тут быў гаспадар.

«Каб ён тут нарадзіўся, працаваў, перажываў, каб зь яго можна было спытаць. А так хто тут кіруе? Пабылі-нажыліся-паехалі, спытаць няма з каго», — кажа Леанід.

ℹ️Паводле статыстыкі, летась вытворчасьць жывёлы і птушкі ў Гомельскай вобласьці скарацілася ў параўнаньні з 2018 годам на 0,6 тысяч тон (на 0,3%), вытворчасьць малака — на 65 тысяч тон (на 6,2%).

У Кармянскім раёне гадоўля жывёлы і птушак зьменшылася на 18,7%. Зьніжэньне прадукцыйнасьці кароў малочнага статку зафіксавана ў 16 раёнах вобласьці, зь іх у Кармянскім — на 17%.

Маладым людзям тут таксама ня надта весела. Ля крамы сустрэлі двух матацыклістаў. Адзін вучыцца ў ліцэі МУС і зьбіраецца стаць міліцыянтам, застацца ў сталіцы. Яго прыяцель таксама марыць пра Менск.

«Ну натуральна, праз заробкі. Якія тут у нас заробкі? Па 300? Максымум — 500. Хай сабе і на будоўлі ў Менску, але там я больш зараблю», — кажа хлопец.

На ганку крамы жыхар Лужка абураецца, калі чуе ад нас, што Кармянскі раён — найбяднейшы.

«Чаго гэта? Вы ж бачыце — мы ў краму ідзём, хлеб, малако, цукар купляем — дзе лёгіка? Гэта ў нас малыя заробкі? У нас яшчэ добрыя! У нашай „Дубавіцы“ — найлепшыя заробкі ў раёне», — кажа вясковец. Сам ён працуе вартаўніком, мае 360 рублёў.

«Надзея ёсьць — але не для нас, а для дзяцей нашых»

Жыхаркі Лужка Жанна і Марына працуюць на фэрме. Яны размаўляюць з намі зь непрыхаванай крыўдай у голасе. Абедзьве жанчыны выхоўваюць дзяцей самі. У Жанны памёр муж. Старэйшая дачка жыве ў горадзе. Малодшаму сыну — 11 гадоў.

«А ў мяне ні выходнага, ні праходнага! Бо няма кім мяне замяніць, калі з малым трэба ў шпіталь ці куды зьезьдзіць. У краме ці на кірмашы мы вопратку не купляем — дорага. Добра, што „сэканд-хэнды“ ёсьць у Карме, дзе можна куртку набыць малому за 10 рублёў. Так і жывём. Заробкі малыя. Але хоць бы стаўленьне было да нас нармальным! Запыты вялікія, а плаціць ніхто ня хоча. Бо ў начальства заробак ад акладу, а ў нас — ад малака. Таму яны грошы маюць, а мы — не. І мы для іх — рабсіла, ня больш. Раней нас цанілі, паважалі, цяпер — не», — абураецца Жанна.

Яе сяброўка, апроч таго што працуе на фэрме, яшчэ падпрацоўвае сацыяльным работнікам, трымае гаспадарку.

«Адна дваіх дзяцей гадую. Трэба круціцца і круціцца. Пазыкі пайшлі за сьвятло, за кватэру... Тут хоць бы дзяцей адзець, абуць. Я так радуюся, такая шчасьлівая, што мой сын паступіў у ліцэй МНС! Вось у яго будзе будучыня ў горадзе. Я хачу, каб і меншы скончыў школу і паехаў вучыцца ў горад. Я стараюся, каб у дзяцей была будучыня. Бо ў нас будучыні няма ніякай», — кажа Марына.

Даяркі Жана і Марына

«Бедны раён? Можа, працаваць лянуюцца?»

І ўсё ж такі пошукі тых, каму на Кармяншчыне жыць добра, не былі марнымі. У вёсцы Енцы — а гэта тры хаты — мы пазнаёміліся з 81-гадовай Ірынай Язэпаўнай Захаранкай. Яна пра жыцьцё ў горадзе і чуць ня хоча, хоць там жывуць дзеці і клічуць да сябе.

Кармянскі раён. Ірына Язэпаўна Захаранка. Енцы

«Не хачу я ў горад, не хачу ў шпіталь. Я так моцна ўдарылася сьпінай нядаўна — дзеці цягнуць у шпіталь, а я ўпіраюся. Я люблю працаваць, мне трэба нешта рабіць. Я так люблю хадзіць сюды на раку бялізну паласкаць! А дзяцей падманваю, што сяджу, адпачываю, нічога не раблю — бо будуць на мяне сварыцца», — сьмяецца Ірына Язэпаўна.

За ёй цугам ходзяць каты і сабакі. Каты дык увогуле на сьпіну лезуць. Мо так лечаць хворую сьпіну гаспадыні.

Яна жыла ў маладосьці ў Сяміпалацінску, потым у Гомлі. Але родны куток, Енцы, — улюбёнае месца.

«Мне ня сумна, і нікога я не баюся, хоць і адна жыву. Памалілася і спаць кладуся. Чаго мне будзе тут страшна?» — кажа Ірына Язэпаўна.

Яна дзівіцца, што Кармянскі раён найбяднейшы ў рэгіёне.

«Чаго так? Малыя заробкі? Дык хай лепш працуюць. Можа, лянуюцца, ці малако крадуць?», — мяркуе пэнсіянэрка.

На выходныя да яе прыяжджаюць дзеці, прывозяць прадукты.

«Ат, я і ня памятаю, колькі тая пэнсія. Мне хапае ўсяго. Вось толькі сьпіна — мо праўда паехаць у горад ды здымак зрабіць, мо што там трэснула», — хвалюецца Ірына Язэпаўна.

Побач зь ёю жыве брат, Васіль Алябовіч.

Раней ён жыў у Гомлі. Прыехаў у Енцы даглядаць хворую маці — застаўся на 14 гадоў. Працаваў у калгасе, на трактары і камбайне. Потым у горадзе памерла жонка — і ён вырашыў на стала пераехаць у Енцы. Разам з дачкой.

«Гадоў дваццаць таму дачка трапіла ў сэкту. Выносіла з хаты залатыя ўпрыгожваньні. Потым уключыла тую касэту, што ёй далі ў той сэкце, і хацела сігануць зь сёмага паверху, ледзь злавілі. Тут, у вёсцы, ёй спакайней. Калі блага ёй — то я вязу яе ў горад, трохі падлечаць там», — апавядае Васіль.

Ён надта любіць Енцы.

«Тут жа во рэчка, салаўі сьпяваюць, так прыгожа! Я за апошнія сем гадоў у горадзе і не начаваў ніводнага разу — не хачу. Для мяне няма нічога цікавага ў тым горадзе», — дадае вясковец.

Па дарозе зь Енцаў сустрэлі вяскоўца на кані. Запыталіся пра жыцьцё-быцьцё. «Гэта дно!», — выгукнуў ён і выцяў каня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заробак $299 і $4,5 мільёна даўгоў. Як жывуць самыя бедныя і самыя багатыя раёны Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вылічваюць усё, што толькі можна». Як жыве і чым зарабляе рознарабочы на радзіме Машэрава
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З кожнай пэнсіі купляю па 50 даляраў, адкладаю на сьмерць». У абменьніках чэргі і праблемы з валютай