«З кожнай пэнсіі купляю па 50 даляраў, адкладаю на сьмерць». У абменьніках чэргі і праблемы з валютай

Абменьнік на чыгуначным вакзале

Абышлі абменныя пункты і даведаліся ад банкаў, чаму ўзьнік дэфіцыт даляраў.

Скрыншот перапіскі са службай падтрымкі кліентаў «Альфа-банка»

Беларускі рубель 19 сакавіка зноў упаў адносна трох валютаў: даляра, эўра, расейскага рубля.

Натуральна, банкі адрэагавалі павышэньнем курсаў.

Аднак валюта ёсьць не ўва ўсіх аддзяленьнях банкаў і абменьніках. Прычым актыўна купляюць валюту нават пэнсіянэры.

Не ўва ўсіх банках можна зьняць і буйныя сумы ў валюце. А замовіць валюту «Альфа-банк» прапануе толькі на 26 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк: валюты мала, бо абмежаваныя авіязносіны з ЗША


Даляры ёсьць не ўва ўсіх абменьніках, людзі стаяць у чэргах

Найбольш выгадна прадаць даляры 19 сакавіка можна было з курсам 2,58 рубля за 1 даляр і 2,77 рубля за 1 эўра. Купіць валюту можна было за 2,63 рубля за 1 даляр і 2,83 рубля за 1 эўра. Аднак такія курсы беларусаў не напалохалі.

З васьмі абменьнікаў, якія мы абышлі, у палове даляраў не было, эўра і расейскія рублі можна было купіць ува ўсіх.

Каб людзі здавалі ці набывалі вялікія сумы грошай, мы не заўважылі. Валютна-абменныя апэрацыі абмяжоўваліся 50–100 умоўнымі адзінкамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2,4413 беларускага рубля за даляр — новы гістарычны максымум 

У «Беларусбанку», што на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і бульвару Талбухіна, даляраў не было. Але ў чарзе стаял хлопец, які здаваў 100 даляраў, і адміністратарка параіла заняць чаргу, каб іх купіць, бо за хлопцам стаялі пэнсіянэры, якія аплачвалі ў банку камунальныя паслугі і не прэтэндавалі на запаветную зялёную купюру. Жвавая пэнсіянэрка, пачуўшы, што мы цікавімся валютай, пачала лямантаваць: «Мне зяць сказаў, што даляр ужо прадаюць па 2,9!», хоць на табло высьвечваўся курс 2, 63.

Абменьнік «Парытэтбанку» ва ўнівэрсаме «Цэнтральны»

У абменьніку «Парытэтбанку», што ва ўнівэрсаме «Цэнтральны», стаяла чарга ў 4 чалавекі. У руках маладога чалавека, які быў у чарзе другім, мы заўважылі некалькі даляравых купюраў. Двое маладых людзей, што стаялі за ім, на пытаньне, навошта ім валюта, адказалі, што тэрмінова трэба заплаціць за здымную кватэру.

У ГУМе, у абменьніку «Белінвэстбанку», таксама стаяла чарга ў 4 чалавекі. Двое здавалі даляры, двое набывалі. Жанчына сталага веку хацела купіць даляры.

У ГУМе

«З кожнай пэнсіі купляю па 50 даляраў, адкладаю на сьмерць, каб было за што пахавацца. Даляр расьце, усё даражэе, а пэнсію не падымаюць», — скрушна ўздыхнула жанчына. Ёй давялося пачакаць у чарзе хвілін 15, і 50 даляраў яна ўсё ж набыла.

На чыгуначным вакзале, дзе раней у абменьніках было шмат народу — расейцаў ды наагул іншаземцаў — цяпер чэргаў няма. На цокальным паверсе ў двух абменьніках «Беларусбанку» не было ніводнага наведніка. Даляраў у продажы не было, але эўра і расейскія рублі купіць можна было без праблемаў.

На другім паверсе вакзалу ў абменьніку банку МТБ былі і даляры, і эўра, і расейскія рублі — праўда, няшмат. «Ёсьць 200 даляраў, 150 эўра і шмат расейскіх рублёў», — адказала касірка. На пытаньне, ці зьвяртаюцца цяпер у абменьнік іншаземцы, касірка зьдзіўлена паглядзела на карэспандэнтку Свабоды і адказала: «Вы што, ня ведаеце, што ўсе межы закрытыя, нікога ў краіну не пускаюць? Наагул у мяне сёньня вельмі мала народу, за 4 гадзіны працы зьвярнуліся чалавек 10».

У абменьніку «Белінвэстбанку» ў ЦУМе даляраў у продажы не было, а вось 200 эўра і неабмежаваную колькасьць расейскіх рублёў можна было купіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даляр ужо 2,44 рубля. Якія прагнозы дае эканаміст

У пэўных банкаматах і аддзяленьнях банкаў немагчыма зьняць буйныя сумы ў валюце

У «Прыорбанку» кажуць, што пры наяўнасьці, напрыклад, $1000 на рахунку грошы можна замовіць і атрымаць праз тры дні. Пастаяўшы каля банкамату, мы засьпелі хлопца, які расказаў, што ня змог зьняць нават $200. «Альфа-Банк» таксама выдае буйныя сумы толькі на замову. Чакаць давядзецца тыдзень. Суму ў 300 даляраў прапанавалі замовіць на 26 сакавіка. У банкаматах «Альфа-Банку» даляраў няма.

У «Тэхнабанку», з словаў апэратараў даведачнай службы, такіх праблемаў няма. Калі немагчыма зьняць у адным банкамаце, то супрацоўнікі гатовыя падказаць, дзе патрэбная сума ёсьць.

У «Белаграпрамбанку» тое самае. Супрацоўніца раіць званіць у аддзяленьне загадзя, каб даведацца, ці ёсьць валюта.

Абменьнік ВТБ банку

У даведачнай службе банку ВТБ, які раніцай 19 сакавіка ўводзіў ліміт на зьняцьце валюты, а потым скасаваў яго, кажуць, што загадзя замовіць даляравую суму немагчыма.

«На гэты момант у Менску ў касах даляраў няма, то бо валюты ў касе няма. Далей вы ўжо можаце ўдакладняць інфармацыю адпаведна вашаму звароту. У банкаматах таксама неабходна ўдакладняць. Сытуацыя такая, што мы можам сказаць вам, што сума ёсьць, але чалавек, які перад вамі будзе здымаць грошы, можа забраць неабходную вам суму. У банках тое ж самае».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВТБ-банк адмяніў ліміты на валютна-абменныя апэрацыі па картках, якія ўвёў раніцай

Нацыянальны банк абяцае апэратыўна рэагаваць на павышэньне курсу

Тымчасам Нацыянальны банк Беларусі прызнаў, што попыт на замежную валюту на ўнутраным валютным рынку Рэспублікі Беларусі павысіўся, і гэта адбілася на дынаміцы курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валютаў.

«У мэтах абмежаваньня рызыкаў забесьпячэньня фінансавай стабільнасьці, зьвязаных з падвышанай валятыльнасьцю курсу, Нацыянальны банк праводзіў валютныя інтэрвэнцыі ў дадатковых аб’ёмах... Нацыянальны банк працягне ажыцьцяўляць маніторынг сытуацыі і пры неабходнасьці будзе прымаць апэратыўныя захады рэгуляваньня», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Нацыянальнага банку.