Сусьветны патрыярх загадаў цэрквам Канстантынопальскага патрыярхату спыніць службы да канца сакавіка

Кіраўнік праваслаўнай царквы Сусьветны патрыярх Варфаламей загадаў усім цэрквам і манастырам Канстантынопальскага патрыярхату спыніць з прычыны эпідэміі каранавірусу ўсе службы і абрады прынамсі да канца сакавіка.

Заява Сусьветнага патрыярхату была распаўсюджана раніцай 19 сакавіка, калі ў сьвеце было зарэгістравана больш за 218 тысяч выпадкаў заражэньня COVID-19 і больш за 8800 сьмерцяў.

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Патрыярх заклікаў праваслаўных вернікаў абмежаваць вандроўкі і заставацца ў дамах — для ўласнай бясьпекі і абароны насельніцтва. Манастыры, як вынікае з распараджэньня, будуць праводзіць рэгулярныя рэлігійныя службы для сваіх манаскіх супольнасьцяў, але не дапускаючы на іх іншых паломнікаў і наведнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць сьвятароў у адным італьянскім горадзе памерлі ад каранавірусу

РПЦ, часткай якой зьяўляецца і Беларуская праваслаўная царква, разарвала раней адносіны з Канстантынопалем. Масква пакуль не абвяшчала аб адмене набажэнстваў, але рэкамэндавала сьвятарам больш не падаваць парафіянам для пацалункаў крыжы, чашы для прычашчэньня і рукі.