Папа рымскі Францішак даў вялікае інтэрвію італьянскай газэце La Republicca. Пантыфік падзякаваў усім, хто прысьвячае сябе ратаваньню іншых і папрасіў, каб усе былі цяпер разам з тымі, хто страціў блізкіх.
У гэты складаны пэрыяд Папа заклікаў кожнага нанова адкрыць невялікія канкрэтныя ўчынкі, якія дазволяць людзям «быць побач з блізкімі: пяшчоту для бабулі і дзядулі, пацалунак для дзіцяці, людзей, якіх мы любім. Гэта важныя і вырашальныя ўчынкі. Калі мы будзем жыць так цяпер, то гэты час ня будзе дарэмным».
Пантыфік знаходзіцца ў Ватыкане і сочыць за тым, што адбываецца ў сьвеце вакол пандэміі каранавірусу. Два дні таму ён наведаў базыліку Санта Марыя-Маджорэ і касьцёл сьвятога Сан-Марчэла-аль-Карсоа, каб памаліцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вам і дзецям справіцца са стрэсам падчас эпідэміі. 11 парадаў САЗНа пытаньне журналіста, як трэба жыць у гэтыя пэрыяд, каб не марнаваць часу, Папа адказаў:
«Трэба быць уважлівы да блізкіх, сям’і, сяброў, нават у малых справах. Трэба зразумець, што менавіта ў гэтых дробных рэчах знаходзіцца наш скарб. Мінімальныя жэсты, якія часам губляюцца ў паўсядзённым жыцьці: пяшчота, любоў, спагада — яны сапраўды вызначальныя, важныя.
Гэта, напрыклад, супольны абед, пяшчота, абдымкі, тэлефанаваньне... Менавіта звычайныя жэсты ўвагі на паўсядзённыя дэталі, надаюць сэнс жыцьцю і ствараюць адзінства паміж намі».
Паводле Папы, часам людзі жывуць віртуальным дачыненьнямі, якія неабходна замяняць іншымі формамі блізкасьці.
«Трэба быць уважлівым да іншых і цярплівым. Сем’і дома часта ядуць разам у цішыні, не таму, што яны слухаюць адзін другога, а таму, што бацькі глядзяць тэлевізію, а дзеці прыліпаюць да смартфонаў. Яны выглядаюць як ізаляваныя адзін ад другога манахі. Гэта не кантакт. Слухаць адзін аднаго — вельмі важна, гэта дазваляе зразумець пажаданьні іншых, іх патрэбы і намаганьні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці лячыцца трактарам і гарэлкай? 17 пытаньняў беларускай дасьледчыцы каранавірусаў з КанадыФранцішак распавёў, што вялікае ўражаньне на яго зрабіў артыкул журналіста Фабія Фацыя ў газэце ў «La Repubblicа» пра ўрокі гэтых дзён. Італьянскі тэлевядучы, між іншага, напісаў, як паводзіны кожнага чалавека ўплываюць на іншых: «той, хто не плаціць падаткі, ня толькі дапускае правіннасьць, але цяжкае злачынства: калі ў аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі не хапае месцаў, гэта і яго віна».
На пытаньне, як у гэтыя дні можа захаваць надзею атэіст, Папа Францішак адказаў:
«Мы ўсе дзеці Бога і ён нас абараняе. Нават тыя, хто не сустрэў Бога, тыя, хто ня мае дару веры, могуць знайсьці там свой шлях, у добрых рэчах, у якія яны вераць: яны могуць знайсьці сілу ў любові да сваіх дзяцей, да сваёй сям’і, да сваіх братоў і сясьцёр.
Хтосьці можа сказаць: „Я не магу маліцца, таму што я ня веру“, і ў той жа час ён можа верыць у любоў людзей, якія яго атачаюць — і знайсьці ў гэтым надзею».