Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў агенцтву «РИА-Новости» рашэньне Масквы пра закрыцьцё расейскай мяжы для грамадзян Беларусі.
Камэнтар зьмясьціла на сваім сайце МЗС Беларусі.
«На сёньняшні дзень устаноўленыя два выпадкі завозу на тэрыторыю Беларусі каранавірусу з Масквы. Астатнія таксама прывезеныя звонку. Беларусы ж пакуль нікому яго ня экспартавалі. Нават ня хочацца фантазаваць на тэму таго, якія ж павінны быць нашы дзеяньні, кіруючыся лёгікай расейскага боку», — заявіў Анатоль Глаз.
На ягоную думку, у Сусьветнай арганізацыі здароўя, верагодна, «шчыра зьдзівяцца сьцьвярджэньням расейскага боку аб парушэньні Беларусьсю іх рэкамэндацый», пра што напярэдадні заявіла Расея, бо «няма ніводнай рэкамэндацыі, якую б не выконваў беларускі бок».
«Сумна, што рашэньні нашых расейскіх сяброў у большай меры заснаваныя на нейкіх абстрактных прапорцыях, чым на рэальных зьвестках альбо інтарэсах людзей. Тым больш грамадзян краіны, якая зьяўляецца, як было сказана ўчора ў Крамлі, «нашым бліжэйшым партнэрам і саюзьнікам», — дадаў Глаз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля крытыкі Расеі менскі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя заявіў, што Беларусь выконвае яе рэкамэндацыіДнём раней кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «Расея палае ад каранавірусу», на што ва ўрадзе Расеі адказалі, што «Беларусь ня робіць дастатковых захадаў для змаганьня з пранікненьнем каранавірусу з трэціх краін, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя».
17 сакавіка Беларускі офіс Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) апублікаваў заяву ў сувязі з распаўсюдам новага каранавірусу і барацьбы зь ім у Беларусі, у якой заявіў, што Беларусь выконвае рэкамэндацыі САЗ, і ў арганізацыі «высока цэняць падыход да барацьбы з каранавірусам з боку беларускай сыстэмы аховы здароўя» і адзначаюць «значныя высілкі і рэсурсы, накіраваныя ў Беларусі на раньняе выяўленьне заражэньня COVID-19, а таксама высілкі ў ізаляцыі, аказаньні дапамогі пацыентам і адсочваньні тых, з кім кантактавалі інфікаваныя».
Па стане на 17 сакавіка ў Беларусі зафіксавалі 36 выпадкаў COVID-19. Трох пацыентаў ужо выпісалі, рыхтуюцца выпісаць яшчэ некалькіх. Новых выпадкаў за мінулы дзень не зафіксавалі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ