Праз пандэмію каранавірусу COVID-19 усё больш краін па ўсім сьвеце закрываюць свае межы: спыняюцца міжнароднае чыгуначнае спалучэньне, пасажырскія авіяпералёты і паромныя пераправы. Свабода пагаварыла зь беларусамі, якія ня могуць выехаць з заблякаваных краін у Афрыцы і Лацінскай Амэрыцы.
УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
У Мэксыку прылятаюць новыя турысты, тут спакайней, чым у Эўропе
Тры беларускі вымушаныя працягнуць адпачынак у Мэксыцы на некалькі дзён. Сёньня, 17 сакавіка, у іх меў быць рэйс з Канкуну да Бэрліну, а там перасадка на рэйс да Менску.
Некалькі дзён таму яны даведаліся, што «Белавія» скасавала іхны рэйс у Менск, і дзяўчаты пачалі шукаць іншыя шляхі, каб дабрацца да радзімы.
«І ўсе краіны навокал сталі закрываць свае межы, — кажа Марыя. — Польшча, Літва. Гэта значыць, калі б мы прыляцелі ў Бэрлін, мы б ніяк па-іншаму не дабраліся да Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літву і Польшчу ўжо не заедзеш, а вярнуцца можна. Пасажырскія перавозкі ў Расею ніхто не скасоўваўСпачатку яны даплацілі за квіток зь пералётам праз Панаму, але неўзабаве і гэтая краіна спыніла авіязлучэньне. Калі склалася крытычная сытуацыя, ужо сама кампанія-авіяперавозьнік Lufthansa падабрала маршрут для беларусак. Праўда, зь пераносам даты вылету на два дні. Калі ня будзе новых абмежаваньняў, дзяўчаты прыляцяць рэйсам Мэхіка — Франфукрт — Менск 19 сакавіка.
«Гэта калі Эўразьвяз не забароніць транзытныя пералёты», — удакладняюць дзяўчаты.
Адтэрміноўка вылету і новая рэзэрвацыя квіткоў каштавала кожнай больш за 400 эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне каранавірус». Беларуска з Чэхіі расказала, як працякае хваробаНа вуліцах у Канкуне поўна людзей, абмежаваньняў на перасоўваньні ў Мэксыцы ня ўводзілі
Тым часам у Мэксыцы, кажуць дзяўчаты, няма панікі з прычыны каранавірусу. У краіне з насельніцтвам 128 мільёнаў чалавек на сёньня пацьвердзіліся 82 выпадкі COVID-19. На вуліцах зьявіліся абвесткі пра каранавірус, але сур’ёзных абмежаваньняў ніякіх няма. На курорт у горад Канкун, дзе яны знаходзяцца, прылятаюць новыя турысты.
«Тут супэр-спакойна, — кажа Марыя. — І больш бясьпечна, чым у Эўропе. Наадварот, страшна вяртацца ў Эўропу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьпеў за 40 хвілін да закрыцьця мяжы. Беларус у апошні момант вярнуўся з Гішпаніі
Нават з кватэры нельга выходзіць, сталіца Пэру цалкам заблякаваная
Яшчэ адна беларуска Ганна Казлова засталася прынамсі на два тыдні ў Пэру. Улады гэтай паўднёваамэрыканскай краіны спынілі ўсе міжнародныя авіяпералёты за дзень да таго, як Ганна мусіла вылецець зь Лімы ў Мадрыд.
«Ліма ад сёньня цалкам заблякаваная», — напісала Свабодзе ў фэйсбуку Ганна ў панядзелак, 16 сакавіка.
Вылецець зь Лімы можна да 23.00, але гэта амаль немагчыма, кажа дзяўчына. Бо квіткі альбо раскупленыя, альбо вельмі дорага каштуюць, альбо для пералёту патрэбныя дадатковыя візы.
Ганна вырашыла застацца ў Пэру на два тыдні, бо гэта таньней, чым купляць квіток у Эўропу ў апошні момант.
«У Эўропу вярнуцца можна, але за гэтыя грошы тут можна пражыць месяц. Я вырашыла не мітусіцца», — сказала Ганна.
Аднак яна ня стала заставацца ў сталіцы краіны Ліме, а правядзе бліжэйшыя тыдні ў іншым горадзе — Куска. Прынамсі пакуль там не такі жорсткі карантынны рэжым. У Ліме ад панядзелка забаронена нават выходзіць на вуліцу. Усім жорстка загадана заставацца ў кватэрах і гатэлях.
«Абяцаюць, што будзе нейкая машына езьдзіць па горадзе і развозіць ежу, але я не рызыкну правяраць», — кажа Ганна.
У Пэру няма беларускай амбасады. Бліжэйшыя дыпляматычныя прадстаўніцтвы — у Эквадоры, Бразыліі і Аргентыне. Паводле Ганны, эвакуацыя калі і будзе, то не раней чым праз два тыдні, пакуль у Ліме ня скончыцца карантын.
«Сапраўды, нам эвакуавацца не дапамагаюць, але яны і ня могуць, — кажа Ганна. — У астатнім усе вельмі мілыя і стараюцца дапамагчы».
У Пэру на сёньня вядома пра 86 выпадкаў COVID-19. У краіне жывуць 32 мільёны чалавек.
У пераліку на душу насельніцтва сытуацыя такая ж, як і ў Беларусі. Аднак Ганна лічыць, што строгія абмежаваньні перасоўваньня апраўданыя.
«Як чалавекі, які захрас у Пэру, я засмучаная. Але як мэдык скажу: гэта нармальныя крокі, — сказала Ганна. — У сытуацыі з пандэміямі таталітарныя краіны заўсёды выйграюць у тых, хто думае аб правах чалавека».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такога не было даўно». Рэпартаж зь беларуска-польскай мяжы. ФОТА
«Сказалі спадзявацца на расейцаў». Беларус чацьвёртыя суткі ня можа выехаць з Марока
Яшчэ адзін беларус чацьвёрты дзень ня можа выбрацца з Марока. Спачатку ў яго быў квіток на вылет з Рабату, сталіцы краіны, 16 сакавіка. Калі навокал пачалі закрывацца межы, Антон набыў квіток, каб вылецець з Марока ў Турцыю 14 сакавіка. Але на рэйс авіякампаніі Air Arabia яго не пасадзілі, бо перад тым ён быў два тыдні ў Гішпаніі. А турэцкія ўлады ў гэты час увялі забарону для іншаземцаў, якія наведвалі шэраг эўрапейскіх краін. У тым ліку была і Гішпанія.
Таксама Марока прыпыніла марское злучэньне з Эўропай і зачыніла порт Танжэр. У суседні Альжыр немагчыма трапіць на машыне, бо туды патрэбная віза. Урэшце, Марока цалкам закрыла пасажырскае авіязлучэньне, і Антон аказаўся заблякаваным.
«Грошы нам яшчэ ніводная авіякампанія не вярнула. Нават „Белавія“», — напісаў у тэлеграме Антон.
Цяпер ён у Рабаце. За гэты час зьвяртаўся ў беларускія амбасады ў Гішпаніі і Эгіпце. Дыпляматы сказалі, што маглі б дапамагчы, толькі калі б ён знаходзіўся ў Гішпаніі.
Таму цяпер Антон спрабуе знайсьці варыянты для вяртаньня праз амбасады суседніх зь Беларусьсю краінаў. Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расеі плянуе забіраць самалётам сваіх грамадзянаў. Але пакуль невядома, калі будзе эвакуацыя.
«У нашай амбасадзе сказалі спадзявацца на расейцаў, — піша Антон. — Але яны будуць сваіх спачатку эвакуаваць. Нас ужо па астаткавым прынцыпе. А можа, увогуле не забяруць».
Сёньня ён таксама адпраўляецца ва ўкраінскую амбасаду.
«Гэта ўжо па-за плянам. Пляны даўно скончыліся», — напісаў Антон.
Сам Антон працуе ў турыстычным бізнэсе. Заблякаваны ў Марока, ён дапамагае іншым турыстам, якія апынуліся ў падобнай сытуацыі. Зь яго словаў, цяпер ён ведае, што ў Марока застаюцца прынамсі 7 грамадзянаў Беларусі, якія ня могуць вярнуцца.
Расейскія кампаніі адмаўляюцца вяртаць беларускіх турыстаў
Міністэрства замежных справаў Беларусі прызнае, што сытуацыя зь вяртаньнем на радзіму беларускіх грамадзянаў складаная.
«У сутнасьці, беларусы, якія знаходзяцца сёньня за мяжой, аказваюцца практычна адрэзанымі ад магчымасьці вярнуцца на радзіму транзытам праз многія краіны», — паведаміў прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацыяў адправіў у МЗС афіцыйны ліст, у якім піша, што расейскія кампаніі адмаўляюцца вяртаць беларускіх турыстаў, якія знаходзяцца ў розных краінах, у расейскія аэрапорты, паведамляе БелТА.
«Беларускія турысты ня могуць вылецець з Марока, Кубы, Мэксыкі, Тайлянду і іншых краінаў», — адзначылі ў РСТА з просьбай растлумачыць турыстам, як і куды адпраўляцца зь міжнародных аэрапортаў, калі ляцець не праз Маскву.
МЗС раіць беларусам, якія апынуліся на тэрыторыі замежных дзяржаваў, што ўвялі абмежавальныя меры, прыпынілі авія-, чыгуначныя і/або аўтамабільныя зносіны, зьвяртацца да прадстаўнікоў турыстычных кампаніяў (у выпадку турыстычных паездак) і ў замежныя ўстановы Беларусі на тэлефоны тэрміновай сувязі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я за ўвядзеньне карантыну», — беларуска, якая выздаравела ад каранавірусу
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ