Кантынэнтальная хакейная ліга (КХЛ) прыняла рашэньне аб прыпыненьні розыгрышу на адзін тыдзень для арганізацыі і ўзгадненьня новага фармату правядзеньня другога этапу чэмпіянату з удзелам шасьці клюбаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі спорт і каранавірус: карантын, скасаваньне турніраў, страчаныя ганарарыЯк паведамляецца на сайце КХЛ, дата аднаўленьня спаборніцтваў будзе вызначаная найбліжэйшым часам. Таксама як і інфармацыя аб правядзеньні чэмпіянату Моладзевай хакейнай лігі.
Менскае «Дынама» не дайшло да стадыі плэй-оф, дачасна заняўшы апошняе месца ў КХЛ. А вось фінскі «Ёкерыт» і казахстанскі «Барыс» абвясьцілі, што спыняюць змагацца за Кубак Гагарына праз распаўсюд каранавірусу.
Тым часам 17 сакавіка мусіць вырашыцца лёс футбольнаг чэмпіянату Эўропы. Як стала вядома спартоваму выданьню «The Athletic», якое цытуе «Прессбол», УЭФА на відэаканфэрэнцыі з прадстаўнікамі футбольных фэдэрацый запатрабуе 300 млн эўра ў якасьці кампэнсацыі за магчымы перанос Эўра-2020 на будучы год. Прыкладна ў такую суму ацэньваюцца фінансавыя выдаткі, на якія накладаюцца ў тым ліку прыпыненьні стадый Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы.
Турэччына ўжо заявіла, што гатовая аднаасобна правесьці эўрапейскі чэмпіянат. Ранейшы фармат прадугледжваў, што спаборніцтвы ў гонар 60-годзьдзя УЭФА прымуць адразу 12 краін.