Тэлеканал СТВ у рэпартажы пра сёньняшнія кадравыя прызначэньні кіраўніка Беларусі паказаў парады Аляксандра Лукашэнкі новым прызначэнцам наконт змаганьня з каранавірусам.
Лукашэнка чарговы раз нагадаў, што варта часьцей мыць рукі і дадаў: «Я чалавек непітушчы, але ў апошні час жартам кажу, што гарэлкай трэба ня толькі рукі мыць!». Ён заклікаў «труціць» вірус гарэлкай, «але не на працы».
Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што ў Беларусі назапашана шмат мэдычных масак: «Пашылі — падзець няма куды!.. У Нямеччыне не хапае спэцадзеньня, масак. Трэба прадаць іх, калі на іх ёсьць попыт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі ўрад прыме забарону на ўезд для беларусаў і заяўляе, што Беларусь недастаткова супрацьстаіць каранавірусу«Трэба проста працаваць. Асабліва цяпер, на вёсцы. Прыемна глядзець па тэлевізары — людзі на трактары працуюць, ніхто ня кажа пра вірусы — там трактар вылечыць усіх, поле ўсіх лечыць!»
У Беларусі сёньня быў прызначаны новы міністар сельскай гаспадаркі, абноўленыя мясцовая вэртыкаль і дыпляматычны корпус.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ