Польшча абмежавала ўезд на сваю тэрыторыю іншаземцам, у тым ліку і беларусам, з 15 да 24 сакавіка. Мы паглядзелі, што адбываецца ў пункце пропуску Брузгі — Кузьніца, і даведаліся, як беларусам выбрацца з Польшчы.
Амаль усе праходзяць у Польшчы праз 14 дзён карантыну
У ноч на 15 сакавіка Польшча закрыла межы для іншаземцаў праз каранавірус. Палякі часова скасавалі міжнародныя цягнікі і самалёты як «туды», так і «адтуль».
Аднак ёсьць некалькі выключэньняў. Уехаць на польскую тэрыторыю могуць:
- кіроўцы незалежна ад паходжаньня, якія вязуць грузы фурамі;
- грамадзяне Польшчы, іхныя сужэнцы і дзеці;
- тыя, хто мае часовы або сталы від на жыхарства;
- уладальнікі картаў паляка;
- іншаземцы, якія маюць дазвол на працу ў Польшчы.
Усе, акрамя кіроўцаў грузавікоў і аўтобусаў, мусяць прайсьці праз 14-дзённы карантын. Гэта значыць, што трэба паведаміць месца свайго жыхарства ў Польшчы і два тыдні быць дома, інакш пагражае штраф. Праз карантын таксама ня мусяць праходзіць жыхары памежных тэрыторыяў, якія жывуць у Польшчы, а працуюць у суседняй краіне.
«Пяць гадзінаў стаім бяз руху»
Першае, што сустракае на мяжы, — чарга фураў. Яна пачынаецца 16 сакавіка значна раней пры падʼезьдзе, чым у першы дзень закрытай мяжы. Кіроўцы кажуць, што чарга амаль ня рухаецца.
«Дзесяць-пятнаццаць дзён такая „калейка“ будзе пастаянна», — прадбачаць дасьведчаныя перавозьнікі.
Дальнабойнікі кажуць, што больш дбайна правяраюць стан здароўя ўсіх на мяжы. Але прызнаюцца, што, хоць яны і зьвязваюцца паміж сабой праз радыё, але інфармацыі мала.
«Паміж сабой шэпчамся, нічога ня ведаем. Цішыня», — кажа кіроўца Сяргей.
Амаль усе памежныя сілы ў пунктах пропуску займаюцца цяпер грузавым транспартам. Аднак павялічыць хуткасьць і пераразьмеркаваць фуры на іншыя палосы нельга — не дазваляе вышыня павецяў. Наадварот, пропуск запаволіўся.
«Пяць гадзінаў ужо стаім бяз руху. Стаім з поўначы, за гэты час толькі раз пасунуліся», — дадае Сяргей.
Раней маглі прайсьці мяжу і хутчэй. Цяпер, кажуць кіроўцы, чэргі на ўсіх пунктах пропуску.
Павел стаіць на мяжы ўжо другі дзень. Ён тлумачыць, што на мяжы мераюць тэмпэратуру і запісваюць зьвесткі: куды едзеш і нумар тэлефону.
«Такога не было даўно, гадоў пяць. Раней то рэнтген перастае працаваць, то рамонт то ў палякаў, то ў нас, то кампутары адмаўляюць», — кажа ён пра павольны рух чаргі.
«Стаіць мяжа, бачыце ж. Хутчэй за ўсё, гэта палякі не прымаюць, бо ў беларусаў усё забіта. Беларусы сваю працу выконваюць», — выказвае думку кіроўца Аляксей.
Пакуль мы на мяжы, міма праяжджаюць каля 10 легкавых аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі. Нам тлумачаць, што гэта або беларусы вяртаюцца на працу ў Польшчу, або нехта падвозіць дакумэнты дальнабойнікам і потым вяртаецца ў горад, або людзі, што працуюць на мяжы.
Аўтобусаў і рэйсавых маршрутак зусім няма.
Кіроўцам выдаюць маскі, на мяжы мераюць тэмпэратуру
Аднак захадам на мяжы кіроўцы не абураюцца — хварэць ніхто ня хоча, дый пабойваюцца, што могуць заразіцца.
Павел расказвае, што ім цяпер сталі выдаваць у дарогу маскі і бляшанку антысэптыку. Да іх у фірму прыяжджалі лекары, тлумачылі правілы бясьпекі. Папярэдзілі, каб перад выхадам з машыны надзявалі маску і апрацоўвалі рукі, і толькі тады выгружалі тавар.
Аляксей пагаджаецца, што перасьцярогі не зашкодзяць. Ён узгадаў, што калі была эпідэмія птушынага грыпу, усім на мяжы мералі тэмпэратуру. Тады ж колы і ніз машыны апрацоўвалі антысэптыкам.
«Страх захварэць ёсьць. Але ў машыне мы, наадварот, хварэем менш, бо кантакт паміж людзьмі мінімізаваны. У нас камунікацыя толькі тут інтэнсіўная — памежнікі, мытнікі. А на загрузку я прыехаў — там дзьве дзяўчыны і бокс», — тлумачыць мужчына.
Мужчына пагаджаецца перавезьці на польскі бок, хоць прызнаецца, што адзін пройдзе мяжу хутчэй.
У суполках, прысьвечаных памежжу, у сацыяльных сетках паведамляюць, што ўсім мераюць тэмпэратуру і на беларускім, і на польскім баку. Якая тэмпэратура дапушчальная, невядома. Удзельнік суполкі Віктар паведаміў, што ў яго зафіксавалі 37,4 градуса, аднак ён сказаў, што добра пачуваецца, і яго прапусьцілі. Вольга напісала, што цэлы бус на мінулым тыдні разьвярнулі назад на 28 дзён праз тое, што ў аднаго з пасажыраў тэмпэратура была надта малая — 35,6 градусаў.
«Чаўнакі» пакінулі па сабе парк ровараў
У будынку каля мяжы, дзе працуюць усе мясцовыя страхавыя кампаніі, пуста. Кліентаў няма, а страхавыя агенты хаваюцца за вакенцамі.
Супрацоўніца кампаніі «БелКаапСтрах» Галіна Філіпава расказала, што апошнімі днямі заходзілі некалькі чалавек па страхоўку, пераважна тыя, хто пасьля выходных вяртаецца на працу ў Польшчу. Ці працягнуць страхаўнікі працаваць на мяжы, рашэньня яшчэ няма. Яго плянуюць прыняць дырэктары кампаніяў, параіўшыся між сабой.
Побач з будынкам цэлы роварны парк. Усяго прычэплена каля сотні ровараў. Яны належаць «чаўнакам», што возяць тавар празь мяжу. Звычайна яны даяжджаюць дасюль на аўтамабілі, а праходзяць прапускны пункт на ровары, бо так хутчэй — можна праехаць па-за чаргой.
Тут жа вісіць папярэджаньне — прыбраць ровары да 1 красавіка 2020 году. Інакш ровары эвакууюць валявым чынам.
Як вярнуцца з Польшчы ў Беларусь
Асобнае пытаньне — як беларусам выехаць з Польшчы у Беларусь. Афіцыйна выезд дазволены. Аднак і польскі, і беларускі бок часова скасавалі рэйсавыя аўтобусы, маршруткі, цягнікі, самалёты. Гэта датычыць і рэйсаў з аўтавакзалу, і прыватных перавозьнікаў. Пакуль абмежаваньне да 24 сакавіка. Аднак ніхто ня пэўны, што рух адновяць праз 10 дзён.
Суполкі беларусаў у Польшчы поўняцца просьбамі ўзяць «на борт» і перавезьці празь мяжу. Прапановаў ад кіроўцаў значна менш. Неахвотна адгукаюцца і кіроўцы фураў, хоць прамой забароны ім ехаць з пасажырам няма. Нехта зь беларускіх кіроўцаў у Польшчы гатовы перавезьці ў Беларусь, нехта — падвезьці да мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасады Польшчы і Літвы ў Беларусі спынілі прыём дакумэнтаў на візыУ тых жа суполках пішуць, што 15 сакавіка ў якасьці выключэньня аднавілі пешы пераход у пункце пропуску Кузьніца — Брузгі. Дазволілі пераходзіць з Польшчы ў Беларусь па тры чалавекі ў суправаджэньні памежнікаў. Да таго ж прапусцілі чалавека на ровары.
З 17 да 23 сакавіка для беларусаў, якія хочуць вярнуцца з Польшчы, арганізуюць аўтобус зь Бяла-Падляскі праз Тэрэспаль.
Амбасады Польшчы і Літвы спынілі прыём дакумэнтаў на візы з 16 сакавіка.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.