Праз сытуацыю з каранавірусам моцна цярпіць турыстычная галіна Беларусі. Найбольшыя страты нясуць кампаніі, якія працуюць на выезд. Сурʼёзны спад арганізаваных групаў прыпаў на сакавік і красавік. Аднак прадстаўнікі турыстычных кампаніяў спадзяюцца, што пры добрым раскладзе на летні сэзон турыстычны паток у Беларусь захаваецца.
«Амаль усе туры на сакавік скасаваныя»
Глябальны турыстычны бізнэс ужо нясе страты ў сувязі з каранавірусам.
«Мы — частка глябальнай эканомікі, адпаведна ў выпадку банкруцтва замежных кампаніяў (што здарыцца ў той ці іншай ступені) мы страцім частку дыстрыбуцыі, — тлумачыць старшыня праўленьня Рэспубліканскага саюзу турыстычнай індустрыі і дырэктар кампаніі „Белагратрэвэл“ Філіп Гулы. — Кампаніі, якія ўпэўнена стаяць на нагах, захаваюць устойлівасьць і сувязі, і гэта паказьнік надзейнасьці партнэрства і кантрактаў. Скароціцца паток індывідуальных, неарганізаваных турыстаў. І страты другога кварталу можна будзе кампэнсаваць толькі зладжанай палітыкай пастаўнікоў і турапэратараў».
У складанай сытуацыі апынуліся фірмы, якія працуюць зь дзіцячымі групамі. Віцебскі турапэратар «Ілва» шмат гадоў спэцыялізуецца на ўязным турызьме. Профільныя кірункі — экскурсійныя туры па Віцебшчыне і ўсёй Беларусі, адпачынак, пазнавальныя туры для школьнікаў і студэнтаў.
«Большасьць нашых турыстаў — з Расеі. Масква, Маскоўская вобласьць і шэраг расейскіх рэгіёнаў яшчэ раней абмежавалі выезд школьнікаў за межы краіны. Адпаведна бацькі прымаюць рашэньне і групы здымаюцца масавым чынам, — кажа дырэктарка турыстычнай кампаніі „Ілва“ Ларыса Пятроўская. — Шмат дзяцей мусілі прыехаць у сакавіку, на школьныя вакацыі. Аднак амаль усе туры скасаваныя».
З словаў Ларысы Пятроўскай , на сакавік было заяўлена больш за 30 групаў. Па 30-40 чалавек у кожнай. На восьмага сакавіка пасьпяхова прайшлі дарослыя туры. На другую палову месяца штодзень прыходзяць адмовы.
«Ёсьць рэзэрвацыі на лета, на „Славянскі базар“, але іх ніхто не аплочвае, — тлумачыць Ларыса Пятроўская. — Такой складанай сытуацыі ў нас не было за ўсе 27 гадоў працы нашай фірмы».
«Мы ў поўным абʼёме вяртаем грошы турыстам»
Праз скасаваньне тураў апэратар нясе страты.
«Наша кампанія ў поўным абʼёме вяртае грошы турыстам, якія кіраваліся ў Беларусь, але зьнялі свае рэзэрвацыі — незалежна ад таго, што ў краіне сытуацыя некрытычная», — камэнтуе дырэктарка «Ілвы».
Кампанія таксама актыўна прымала групы з Латвіі і Польшчы.
«Палякі цяпер сумняюцца, ці прыедуць да нас у красавіку», — кажа Ларыса Пятроўская.
Паводле яе, рэзэрвацыя тураў спынілася. Усе ўзялі паўзу ў чаканьні, як будуць разьвівацца падзеі. Аднак з кожным днём кампанія губляе кліентаў. Адпаведна, фінансава цярпяць усе ўдзельнікі сфэры турыстычных паслугаў.
«У многіх эўрапейскіх краінах абмяркоўваюць захады дзяржаўнай падтрымкі турыстычнага бізнэсу ва ўмовах крызісу, — разважае Ларыса. — Хацелася б, каб у нас таксама былі распрацаваныя нейкія захады падтрымкі — асабліва экспартна-арыентаваных фірмаў. Калі іх не падтрымаць, многія фірмы зьнікнуць з унутранага рынку. І ранейшая праца, якая спрыяла б росту колькасьці турыстаў у краіне, будзе змарнаваная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці паваляць беларускую эканоміку закрытыя межы. Разьбіраемся з экспэртамі«Ёсьць спадзевы, што да канца красавіка гэта ўсё скончыцца»
Сэзон адпачынку на беларускіх турыстычных базах пачнецца ў траўні—чэрвені. У «Беларустурысьце», які мае шэраг гатэляў і базаў адпачынку ў розных рэгіёнах краіны, пракамэнтавалі, што летні сэзон сытуацыя з каранавірусам не павінна закрануць.
«Мы сочым за падзеямі. Ёсьць спадзевы, што да канца красавіка гэта ўсё скончыцца, — адзначыў Вадзім Кармазін, намесьнік дырэктара „Беларустурыста“. — У Беларусі зьнялося некалькі ўнутраных групаў — на бліжэйшы час. У сьвятле апошніх падзеяў людзі ня хочуць зьбірацца ў групы — а ў нас большасьць групавых тураў. Пэўныя ўпраўленьні адукацыі ў гарвыканкамах разаслалі рэкамэндацыі ў рэгіёны, асабліва школьнікам і моладзі, устрымацца ад паездак на спаборніцтвы, культурныя падзеі. Гэта тычыцца і турызму. Такое мы адчуваем».
Аднак пакуль крытычнай сытуацыі з уязным і ўнутраным турызмам няма, адзначаюць у «Беларустурысьце». Наадварот, ёсьць думка, што попыт на адпачынак у Беларусі вырасьце.
«Мы бачым, што Турцыя на месяц зьмясьціла турыстычны сэзон. У Вугоршчыне, Славаччыне карантын. Ня выключана, што людзі будуць больш адпачываць унутры краіны. Але пра гэта мы даведаемся не раней за канец наступнага месяца, — кажа Вадзім Кармазін. — Мы робім усё магчымае, каб на ўнутраных маршрутах не было спаду. Браслаўскія азёры, да прыкладу, ужо расьпісаныя на ўвесь сэзон. І адмоваў пакуль няма».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ