Урад Расеі падрыхтаваў праект распараджэньня аб увядзеньні часовых абмежаваньняў на ўезд у Расею грамадзян замежных дзяржаў, у тым ліку грамадзян Беларусі, паведамляе прэс-служба расейскага кабінэту.
Ва ўрадзе РФ падкрэсьліваюць, што беларускі бок быў загадзя папярэджаны аб плянаваных мерах падчас тэлефоннай размовы 15 сакавіка прэм'ера РФ Міхаіла Мішусьціна і кіраўніка ўраду Беларусі Сяргея Румаса.
Беларусь ня робіць дастатковых захадаў для змаганьня з пранікненьнем каранавірусу з трэціх краін, нягледзячы на рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, гаворыцца ў заяве расейскага кабінэту міністраў.
«У прыватнасьці, выказваньне пра колькасць інфікаваных дазваляе зрабіць выснову, што ў прапарцыйных суадносінах да колькасці насельніцтва сытуацыя ў Беларусі значна больш сур’ёзная, чым у Расеі. Сьцьвярджэньне, што "Расея ўся палае ад каранавірусу", не адпавядае рэчаіснасьці», — адзначаецца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка рэагуе на каранавірус ня так, як усе навокал?Таму, паводле расейскага ўраду, абмежаваньні на перасоўваньне празь мяжу РФ І Беларусі было законным, і Масква разьлічвае на больш канструктыўную пазыцыю Менску. Расейскі кабінэт міністраў лічыць, што заявы кіраўніцтва Беларусі «ва ўмовах электаральнага цыклю» не спрыяюць выпрацоўцы ўзгодненых захадаў па супрацьдзеяньні каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея ўся палае ад каранавірусу». Лукашэнка пра закрыцьцё Масквой мяжыРаней сёньня Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў разьвіцьцё сытуацыі з каранавірусам падчас прыначэньня кіраўнікоў мясцовых органаў улады, паведамляла БелТА.
На думку Лукашэнкі, акрамя Менску і буйных гарадоў, сытуацыя з каранавірусам не такая праблемная для раёнаў і раённых цэнтраў.
«Самая вялікая для нас (не праблема, а адказнасьць) — гэта эканоміка. На жаль, усе гэтыя рухі ў кірунку каранавірусу вельмі рэзка адбіліся на эканоміцы. Дайшло да таго, што наша родная Расея — падкрэсьліваю — закрыла мяжу зь Беларусьсю», — адзначыў Лукашэнка.
Паводле Лукашэнкі, у Беларусі адносна спакойнае становішча, а «Расея ўся палае ад каранавірусу».
«Дык хто ад каго павінен зачыняцца. Пытаньне рытарычнае», — дадаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Расеі прыняў плян барацьбы з каранавірусамУ Беларусі адэкватна рэагуюць на пагрозы, перакананы Лукашэнка, мэдыкі ўжо даўно прымаюць кропкавыя меры, і самі беларусы ў цэлым адэкватна рэагуюць на сытуацыю.
«Беларусы проста малайцы. За выключэньнем аднаго выпадку: ня бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спэцвопратку ці нейкія лекі», — сказаўЛукашэнка.
Раней 16 сакавіка прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін абвясьціў аб рашэньні закрыць мяжу зь Беларусьсю для перасоўваньня людзей.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ