Тацьцяна Яфрэмава зь Віцебску была першай грамадзянкай Беларусі, у якой знайшлі новую інфэкцыю.
Дызайнэрка зь Віцебску Тацьцяна Яфрэмава даведалася пра хваробу неўзабаве пасьля вяртаньня з Італіі, дзе была ў камандзіроўцы. Дыягназ ёй паставілі 2 сакавіка. Хвароба працягвалася роўна два тыдні. Тацьцяна расказала Свабодзе, што 15 сакавіка яе ўжо прызналі здаровай.
«Тэсты маіх аналізаў ужо адмоўныя, сёньня мне паведамілі, што каранавірусу ў мяне ўжо няма, — сказала Свабодзе Тацьцяна. — Што будзе са мной далей, як доўга прабуду ў шпіталі, пакуль ня ведаю. Думаю, мне скажуць пра гэта неўзабаве. Пра хваробу шмат расказаць не магу. Падазраю, што ў мяне быў аблегчаны варыянт. Кашаль, закладзены нос, запаленьне вачэй. Цяпер нармальна пачуваюся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьпеў за 40 хвілін да закрыцьця мяжы. Беларус у апошні момант вярнуўся з ГішпанііЖанчына параўноўвае каранавірус са звычайнай прастудай. Аднак адзначае, што, нягледзячы на гэта, добра разумее мэдыкаў, якія папярэджваюць пра небясьпеку інфэкцыі.
«Я магу гаварыць толькі пра сытуацыю, якая была са мной, — дадае Тацьцяна. — У мяне быў адзін зь першых выпадкаў, і мяне тут даглядалі. Мяркую, панікаваць нельга ні ў якім выпадку. Але неабходна берагчы сябе, сачыць за сваім здароўем і здароўем сваіх блізкіх. Пра гэта гаворыць і прыклад краін, якія цяпер закрываюцца на карантын».
Пасьля выяўленьня каранавірусу ў Тацьцяны лекары абсьледавалі таксама яе родных. Ні ў кога зь іх захворваньне не пацьвердзілася, аднак ім давялося адбыць карантын.
«Пасьля ўсяго гэтага ты разумееш, што пад пагрозай такога невядомага вірусу можа знаходзіцца твая сямʼя, вялікая колькасьць людзей з твайго атачэньня, — гаворыць жанчына. — Вядома, гэта накладае свой адбітак. Дзякуй Богу, мая сямʼя ўжо дома, вынікі іх аналізаў на каранавірус былі адмоўныя. Я буду прымаць захады, рабіць ўсё, што магчыма, каб хвароба нас не закранула. У навучальных установах, дзе вучацца дзеці, яшчэ карантын. Пакуль я не ведаю на 100%, што будзе далей. Але ўсе санітарныя патрабаваньні мы будзем выконваць. Легкадумнасьць тут не да месца, усе павінны парупіцца за сябе».
На раніцу 16 сакавіка ў Беларусі ўжо 36 афіцыйных выпадкаў захворваньня на каранавірус. Раніцай Міністэрства адукацыі паведаміла пра намер абмежаваць доступ у школы і ВНУ для вучняў і студэнтаў. Гаворкі пра ўвядзеньне поўнага карантыну пакуль няма, аднак межы Беларусі ўжо фактычна перакрытыя, свабоднае перамяшчэньне празь іх немагчымае.
«Я магу меркаваць з таго, што ўсе краіны, нават дзе выяўленыя ўсяго некалькі выпадкаў каранавірусу, ідуць на ўвядзеньне карантыну, — дадае Тацьцяна. — Такія захады дазваляюць скараціць масавую колькасьць заражэньньняў і неяк спыніць пашырэньне эпідэміі. Таму я ня супраць такіх мераў».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ