Між Беларусьсю і Ўкраінай стала працуе 7 міжнародных пунктаў пропуску. Сёньня апоўначы ўсе яны абмежавалі сваю працу, спыніўся аўтамабільны і пешаходны рух.
Цяпер на тэрыторыю Ўкраіны праз гэтыя пункты могуць трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне, а таксама іншаземцы і грамадзяне Беларусі, якія маюць ва Ўкраіне від на часовае або сталае жыхарства, зьяўляюцца сужэнцамі або бацькамі грамадзян Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская чыгунка паведаміла пра скасаваньне цягнікоў ва ЎкраінуВа Ўкраіну таксама прапускаюць акрэдытаваных супрацоўнікаў дыпляматычных і консульскіх устаноў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і іхныя сем’і. Усе іншыя могуць трапіць на ўкраінскую тэрыторыю толькі па ўзгадненьні зь Міністэрствам замежных спраў Украіны.
Аналягічныя абмежаваньні ўведзеныя на 5 міждзяржаўных і 6 мясцовых пунктах пропуску, якія створаны і працуюць на мяжы зь Беларусьсю.
Гэтыя абмежаваньні будуць дзейнічаць да 3 красавіка, але ў выпадку эпідэміі могуць быць прадоўжаны.
Онлайн-мапа працы мытных прапускных пунктаў на тэрыторыі Ўкраіны:
Як падкрэсьлілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіне, нягледзячы на тое, што дзейнасьць пунктаў абмежаваная, памежнікі працягваюць несьці службу. Усе яны забясьпечаныя неабходнымі тэхнічнымі сродкамі і сродкамі індывідуальнай абароны і папярэджваюць аб немагчымасьці незаконнага перасячэньня мяжы. За два дні да ўвядзеньня абмежаваньняў улады Ўкраіны заклікалі ўсіх сваіх грамадзян вярнуцца дадому, але гарантавалі ім дапамогу ў выпадку немагчымасьці гэта зрабіць да 17 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: зачыняюцца ўсе брамы. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 16 сакавікаНа сёньняшні дзень ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана пяць выпадкаў заражэньня небясьпечным каранавірусам. Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны ініцыюе ўвядзеньне больш жорсткіх захадаў, каб прадухіліць эпідэмію — абмежаваць перасоўваньне людзей па вуліцы і закрыць усе ўстановы грамадзкага харчаваньня.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ